Сцяг Пятніца, 7 лютага 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 кастрычніка 2024, 18:01

Прызнанне ў любові беларускай вёсцы. Выстава работ Ларысы Журавовіч адкрылася ў Палацы Незалежнасці

3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава беларускай мастачкі з Бялыніч Ларысы Журавовіч "На роднай зямлі" праходзіць у Палацы Незалежнасці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Экспазіцыя адкрыта напярэдадні старту ў краіне свята працаўнікоў вёскі "Дажынкі" і арганізавана пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў. Усяго на выставе прадстаўлена  27 работ, напісаных пастэллю на кардоне і ў змешанай тэхніцы.

Графіка Ларысы Журавовіч вельмі жывая, простая і зразумелая воку. У творчасці мастачкі ёсць пейзажы беларускай вёскі, сюжэты з сельскага жыцця, выявы помнікаў архітэктуры бялыніцкага краю, а таксама нацюрморты. Няма нічога больш натхняльнага для мастачкі, чым сапраўдная вёска, самабытная. Таму менавіта аб гэтым жыцці - вялікая колькасць яе твораў. Творчасць Ларысы Віктараўны - прызнанне ў любві беларускай вёсцы.

У экспазіцыі ў Палацы Незалежнасці прадстаўлена графіка, асноўны сюжэт якой - беларуская вёска: працаўнікі вёскі, іх цяжкая і такая важная работа па падрыхтоўцы і правядзенні ўборачнай кампаніі. Тут можна ўбачыць работу камбайнераў і мноства партрэтаў працаўнікоў. Гэта ўдзельнікі жніва, а таксама людзі, якія рыхтуюць тэхніку да работы, дапамагаюць камбайнерам і проста арганізуюць абед у полі.

Мастачка не ставіла сабе за мэту маляваць перадавікоў жніва, яна хацела паказаць чалавека працы, які кожны свой дзень прысвячае рабоце на ферме або ў полі. Зусім няпроста прымусіць такіх герояў пастяць нават перад аб'ектывам фотаапарата - у іх катастрафічна не хапае на гэта часу, што ўжо гаварыць аб тым, каб пазіраваць мастаку. Ларысе Віктараўне даводзілася шукаць выйсце: недзе рабіць накіды і спадзявацца на сваю памяць, а недзе чакаць часу абеду, каб натуршчыкі маглі нейкі час знаходзіцца ў стане адноснага спакою.

Але прадстаўленая серыя не толькі пра гарачы час уборкі і хлебаробаў. Гэта і работа людзей, чыё жыццё непарыўна звязана з сельскай гаспадаркай. Тут можна ўбачыць тры творы, аб'яднаныя адной тэмай - СВК "Калгас "Радзіма" ў Бялыніцкім раёне: на адным палатне - ферма з бычкамі, два другія па краях - партрэты работнікаў гэтай фермы Мікалая Лянеўскага і Людмілы Брылёвай.

Асобнае месца на выставе адведзена нацюрморту, які занатаваў вынік працы людзей у сельскай гаспадарцы. Вясковыя нацюрморты з хлебам і салам, а таксама агароднінай, што вырасла на градках, са снапом каласоў, сланечнікамі - усё тое, што дае нам родная зямля дзякуючы працы сельскіх жыхароў. Творчасць Ларысы Журавовіч нездарма называюць прыкладам душэўнага жывапісу. Глядзіш на яе палотны - і адчуваеш водар духмянага хлеба, сырадою, умытага дажджом поля.

Ларыса Журавовіч нарадзілася ў 1965 годзе ў Бялынічах Магілёўскай вобласці, дзе жыве і цяпер. У 1983 годзе скончыла мастацкае аддзяленне Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка (цяпер гімназія-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка), у 1989 годзе - аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). За дыпломную работу - цыкл каляровых афортаў "Восень. Зямля і людзі" - узнагароджана бронзавым медалём Акадэміі мастацтваў СССР. Удзельнічае ў выставах з 1983 года. Член Беларускага саюза мастакоў. Аўтар герба і сцяга г.п. Бялынічы. У 2000 годзе ўзнагароджана памятным знакам "2000 гадоў хрысціянства", у 2016 годзе - нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі", а ў 2021 годзе - медалём "За працоўныя заслугі".

Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Раманава, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Масленікава, Быхаўскім і Шклоўскім гісторыка-краязнаўчых музеях, Гомельскай карціннай галерэі імя Г.Х.Вашчанкі, Светлагорскай карціннай галерэі "Традыцыя" імя Пранішнікава, Музеі гісторыі і культуры Оршы, Бабруйскім мастацкім музеі, Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі, Бялыніцкім раённым мастацкім музеі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі, а таксама ў прыватных калекцыях Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Швейцарыі, Аўстраліі, Расіі і Ізраіля.-0-

Фота Мікалая Пятрова
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі