Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 мая 2021, 19:20

Прызёрамі радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" сталі 144 фіналісты

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы нацыянальны канал Беларускага радыё абнародаваў вынікі X Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" - прызёрамі юбілейнага праекта сталі 144 фіналісты. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Два туры ўнікальнага творчага спаборніцтва прайшлі ў красавіку ў дыстанцыйным фармаце, а апошні тыдзень месяца ў час фінальнага трэцяга тура падарыў арганізатарам і калегіі журы дзясяткі гадзін жывога выканання ўдзельнікамі-салістамі вакальных і інструментальных твораў у студыі Дома радыё. У калектыўных харавых, аркестравых і ансамблевых намінацыях фінальны тур паспяхова прайшоў анлайн.

Юбілейны, дзясяты па ліку праект стаў самым маштабным за ўсю сваю гісторыю, сабраўшы 632 заяўкі на ўдзел ад дзяцей з розных куткоў краіны.

Рашэннем экспертнай калегіі Гран-пры конкурсу прысуджана 5 удзельнікам праекта ў розных намінацыях: Валерыі Шманай (Жодзіна), Вікторыі Янушкевіч (Ракаў), народнаму хору "Радзейка" (Гомель), народнаму ансамблю цымбалістаў "Лілея" (Брэст) і народнаму духавому аркестру УА "МДМК імя Агінскага" (Маладзечна).

Лаўрэатамі I, II і III ступеней вызначаны 76 салістаў і калектываў, спецыяльных дыпломаў праекта ўдастоены 63 удзельнікі. Поўны спіс імёнаў пераможцаў конкурсу даступны на афіцыйным сайце Першага нацыянальнага www.radio1.by і ў Telegram-канале "Радыё_1".

Доўгачаканая цырымонія ўзнагароджання і ўшаноўвання ўладальнікаў Гран-пры, лаўрэатаў і дыпламантаў радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" адбудзецца 6 мая ў 10.00 у Вялікай студыі Дома радыё. Усе пераможцы атрымаюць памятныя ўзнагароды, а таксама права на ратацыю ў эфіры галоўнага радыёканала краіны.

З 2013 года прызёры конкурсу рэгулярна становяцца стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, а па выніках мінулагодняга конкурсу ганаровых стыпендый і прэмій удастоены 43 салісты і калектывы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі