Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лістапада 2018, 19:17

Прыз Прэзідэнта "За гуманізм і духоўнасць у кіно" на "Лістападзе" атрымала рэжысёр Наталля Мешчанінава

9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыза Прэзідэнта Беларусі "За гуманізм і духоўнасць у кіно" на XXV Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад" удастоена расійская рэжысёр-пастаноўшчык карціны "Сэрца свету" Наталля Мешчанінава, перадае карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі ўзнагароджвання.

Узнагароду рэжысёру ўручыў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар. Наталля Мешчанінава падзякавала за высокую ацэнку яе работы і прызналася, што гэты прыз - вялікая прыемная нечаканасць.

Спецыяльнага прыза Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ўдастоены фільм асноўнага конкурсу "Ласкавая абыякавасць свету" (Казахстан, Францыя, рэжысёр Альдзіхан Ержанаў).

Дакументальны фільм "Пустэльнік" рэжысёра Арцёма Маскалёва атрымаў спецыяльную ўзнагароду Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" "Мова кіно - мова ўзаемаразумення". Арцём Маскалёў адзначыў, што гэта першае прызнанне яго фільма.

Узнагароду Гільдыі кінаведаў і кінакрытыкаў Беларускага саюза кінематаграфістаў - прыз "Саламяны зубр" - заваяваў анімацыйны фільм "У Палессi на балоце" рэжысёраў Руслана Сінкевіча, Рамана Бурмакова, Святланы Катляровай, Марты Герашчанка (Беларусь).

Прызы Парламенцкага сходу ў намінацыі "За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве" ўручаны расійскаму рэжысёру фільма "Я, Віктар" Іне Цгоевай і беларускаму рэжысёру стужкі "Адзін дзень з жыцця Алеся і Алесі" Алёне Буяковай.

ХХV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад-2018" праводзіўся з 2 па 9 лістапада. Заснавальнікамі кінафестывалю выступілі Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі