Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 лістапада 2021, 09:17

Прысвечаная жонцы Янкі Купалы выстава адкрыецца 4 лістапада ў Мінску

3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава Stankiewičanka, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння першага дырэктара музея Янкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч, адкрыецца 4 лістапада ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

"Уладзіслава Луцэвіч была не толькі першым дырэктарам музея. Яна была жонкай вялікага беларускага паэта, якая стварыла ўтульную, надзвычай гасцінную атмасферу ў доме Купалы, - адзначылі арганізатары. - Старанная дзейнасць Уладзіславы Францаўны па збіранні і захаванні спадчыны Янкі Купалы - гэта ўнікальны і важны вопыт у развіцці музейнай справы нашай краіны. У бягучым годзе такая дата, і музей зноў звяртаецца да яе асобы з удзячнасцю за вялікую работу, якую яна правяла".

Галоўнымі на выставе стануць два партрэты Уладзіславы Луцэвіч, напісаныя пры жыцці мастаком Пятром Сергіевічам. Экспазіцыя ўключае калекцыі фотаздымкаў і дакументаў з фондаў музея. Сярод гістарычных дакументаў можна ўбачыць асабістыя справы дырэктара музея і першых яго супрацоўнікаў: літаратуразнаўцы Алесі Александровіч і паэта Валянціна Таўлая, якія захоўваюцца ў архіве Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і экспануюцца ўпершыню.

Як расказалі ў музеі, пасля гібелі Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч была назначана адказным сакратаром камісіі па ўвекавечанні памяці паэта. Яна займалася пошукам яго рэчаў і дакументаў усюды: у архівах, бібліятэках, прыватных калекцыях. "Шмат сіл і энергіі траціла Уладзіслава Луцэвіч, каб сабраць усё, што ёсць на руках у людзей: кніжкі, пісьмы, фатаграфіі, - словам, усё пра Купалу, для яго музея", - пісала пра яе лепшая сяброўка, паэтэса Канстанцыя Буйло.

Уладзіслава Луцэвіч была дачкой ляснічага Франца Станкевіча і францужанкі Эміліі Манэ. У юнацтве падпісвалася на візітоўках як Уладка Станкевічанка і была яркай постаццю ў беларускім культурным жыцці першай паловы XX стагоддзя. Будучы таленавітым педагогам, яна арганізоўвала дзіцячыя прытулкі і беларускія школы ў Вільнюсе, Маскве, а ў 1920-я гады - узорныя дашкольныя ўстановы ў Мінску.

Выставу можна ўбачыць па 25 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі