Сцяг Нядзеля, 8 верасня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 ліпеня 2024, 16:02

Прысвечаная Беларусі персанальная фотавыстава Dasha Art адкрылася на "Славянскім базары"

9 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя персанальнай выставы арт-фатаграфіі "Цудоўная Беларусь - праз спадчыну да сучасных ідэй" Dasha Art адкрылася на "Славянскім базары ў Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Два дясяткі работ размясціліся ў цэнтральным фае канцэртнай залы "Віцебск". Нацыянальны каларыт, яркія касцюмы і арыгінальнае выкананне - у кожнай з іх. Некалькі здымкаў раскажуць аб прападобнай Ефрасінні Полацкай, другая міні-серыя прысвечана беларускаму алфавіту, у прыватнасці, літары "ў" (у кароткае, або "нескладовае"). Іншыя палотны знаёмяць з народным арнаментам, абрадам "Каляды", сімвалам "Славянскага базару" - васільком, вобразам птушкі, прапануюць падумаць на тэму супрэматызму.

Знайсці тут можна і горад будучыні - такі, якім яго бачыць малады фатограф і мастак. Родны для сябе Віцебск у подпісе да адной з работ яна называе месцам сілы і творчасці, паколькі ў горадзе жылі і працавалі нямала вядомых людзей мастацтва. Тут творча працавалі Марк Шагал, Юдаль Пэн, Эль Лісіцкі, Казімір Малевіч, Ілья Рэпін і іншыя.

Гэта экспазіцыя была створана спецыяльна для нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на сусветнай выставе Expo 2020 Dubai. У Віцебску яе прадставілі ўпершыню.

"Два гады мы рабілі гэту выставу, для кожнай фатаграфіі фарміравалі ўласную ідэю, якая адлюстроўвала б часцінку культуры Беларусі: якая яна цяпер і якой, магчыма, будзе. Фатаграфіі адлюстроўваюць нейкія асноўныя напрамкі, напрыклад, IT-індустрыя - вельмі цікавы касцюм і вельмі цікавая работа, сюррэалістычная", - растлумачыла фатограф.

Віцебскі авангард ёй вельмі блізкі. "Я з Віцебска, таму яму (віцебскаму авангарду. - Заўвага БЕЛТА) адведзена нават асобная сцяна, - адзначыла Dasha Art. - Хацелася б у перспектыве пашырыць выставу, дапоўніць яе знакамітымі, важнымі асобамі, напрыклад, Францыскам Скарынам. Я хацела б прадоўжыць гэту здымку і дабавіць у праект і не толькі. Гэта выстава - пачатак для далейшага пашырэння, яна не мае межаў". Асобныя здымкі фатограф плануе прысвяціць беларускім спартсменам, "музычным і танцавальным талентам", беларускай мове.

Цяпер яна працуе над выставай жывапісу, выставачны тур якой, як чакаецца, пачнецца з Віцебска.

На прэзентацыі гледачы змаглі вывучыць і рэквізіт, як пажартавала аўтар, - дэталізаваныя яркія касцюмы, якія "перажылі здымкі". Дзяўчаты паўсталі перад публікай у вобразах для літары "ў", горада будучыні і для абраду "Каляды". Тым часам адзенне для серыі работ пра Ефрасінню Полацкую прадставілі на манекене.

Dasha Art займаецца прафесійнай фатаграфіяй з 2015 года. Яна спецыялізуецца на канцэптуальным мастацтве і эмацыянальнай творчасці. У сваіх унікальных фотасесіях выкарыстоўвае сапраўдныя касцюмы, макіяж і неабходныя для стварэння вобразаў аксесуары.

Мноства прэстыжных прэмій папоўнілі скарбонку ўзнагарод Dasha Art за апошнія гады. Так, у 2020-м яна была прызнана лепшым прафесійным фатографам Еўропы па версіі конкурсу Федэрацыі еўрапейскіх фатографаў. У жывапісе Dasha Art стварае карціны ў стылі кубізму, супрэматызму і сюррэалізму.

XXXIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праходзіць з 9 да 15 ліпеня. У праграме форуму - мноства прэзентацый, выстаў, праектаў, канцэртаў і іншых творчых падзей. Афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 11 ліпеня, цырымонія закрыцця запланавана на 14 ліпеня.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі