Сцяг Нядзеля, 25 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 мая 2025, 09:20

Прэзентацыя кінаальманаха "Пра людзей, пра вайну" прайшла ў мінскім кінатэатры "Масква"

8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя кінаальманаха "Пра людзей, пра вайну" прайшла ў сталічным кінатэатры "Масква", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Над праектам працавалі беларускія і расійскія кінематаграфісты. Падзеі ваеннай драмы адбываюцца ў час Вялікай Айчыннай вайны. Гэта простыя гісторыі пра людзей, дзякуючы якім становіцца зразумела, як фарміравалася пачуццё патрыятызму і звычайныя людзі станавіліся героямі, што іх натхняла на абарону Радзімы. Кароткія кінанавелы аб'ядноўвае тое, што ўсе падзеі адбываюцца на беларускай зямлі.

Расійскі акцёр Ягор Бяроеў, які выканаў адну з галоўных роляў у фільме, адзначыў, што моладзі сёння варта глядзець фільмы пра Вялікую Айчынную вайну, асабліва савецкія, знятыя яшчэ ў былую рэчаіснасць на кінастудыі "Беларусьфільм", на легендарных кіношных пляцоўках.

"Некаторыя навелы вельмі блізкія да тых савецкіх фільмаў, якія ўяўляюць сабой мастацкі камертон чалавечнасці, асновы нашай душы, годнасці, гонару, дружбы, Радзімы. Мы дзеці савецкага часу, якія выраслі на чорна-белых фільмах. І мы выраслі на гэтым вузле чалавечнасці. Усё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной, у нас жыве. Таму нам так шкада, калі сучасны зрэз грамадства не помніць і не хоча помніць гэта", - дадаў Ягор Бяроеў.

Рэжысёр Дзмітрый Пасічнюк падзякаваў беларускай частцы здымачнай групы за іх цярпенне, шчырасць і вялікі ўклад. "Гэта ўсё было няпроста, але, на мой погляд, мы справіліся. Наколькі ў нас гэта атрымалася, меркаваць нашым дарагім гледачам, якія ўбачаць гэтыя фільмы", - заўважыў ён.

На яго думку, памяць пра вайну, як кветка, патрабуе дбайнага і беражлівага стаўлення, таму кінематаграфісты і людзі любых творчых прафесій павінны прыўносіць у яе захаванне штосьці ад сябе.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі