Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 верасня 2022, 09:40

Прэм'еру новай рэдакцыі балета "Жызэль" прадставяць у Вялікім тэатры

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'еру новай рэдакцыі балета "Жызэль" Адольфа Адана прадставяць у Вялікім тэатры 28 верасня. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміў балетмайстар-пастаноўшчык, галоўны балетмайстар Вялікага тэатра заслужаны артыст Расіі Ігар Колб.

"Хацелася стварыць "Жызэль" з цікавым сёння абліччам. Гэтаму, вядома, шмат у чым садзейнічалі артысты. Крок за крокам нанізвалася гісторыя тэатра, дадаткі, якія дыктуе нам сцэнічнае палатно сённяшняга дня, тэхнічныя магчымасці. Я нават не задумваўся аб тым, што спектакль, звязаны з маім імем, будзе характарызавацца як містычны", - адзначыў Ігар Колб.

Прэм'ера балета Адольфа Адана адбылася 28 чэрвеня 1841 года ў Акадэміі музыкі і танца ў Парыжы. Ужо ў 1842 годзе спектакль быў пастаўлены ў Пецярбургу французскім балетмайстрам. Далей "Жызэлі" апладзіравалі ў Лондане, Мілане, Бостане. "Першапачаткова гэта версія балетмайстраў Марыуса Петыпы і Жана Каралі з вялікім архіўным спісам: калі і якія змяненні прыўносіліся, калі выключаліся, калі дабаўлялася колькасць людзей, калі змяншалася. Гэта канва Марыінскага тэатра, там захаваны ўсе першыя рэдакцыі, якія дзякуючы гэтаму тэатру жывыя і сёння, - расказаў галоўны балетмайстар. - Для мяне важна было зрабіць не перанос, а цікавае ўвасабленне для сённяшняга гледача, артыстаў".

Гледачы пачуюць у прэм'еры музыку па-дэ-дэ, якая не гучала ў папярэдніх пяці пастаноўках, гэта - шостая. "Гэта містычны балет, таму будзем старацца здзіўляць публіку самымі рознымі спецэфектамі", - падкрэсліў Ігар Колб.

У асобных сцэнах спектакля прымуць удзел жывёлы, напрыклад, поні. "Мне здаецца, гэта будзе добрым дадаткам да дзеі і не пяройдзе ў разрад цыркавога паказу", - дадаў балетмайстар-пастаноўшчык.

Галоўныя партыі выканаюць артысты Людміла Хітрова і Эвен Капітэн. "Жызэль - гэта роля-мара для мяне. Мая Жызэль светлая, закаханая, рамантычная і добрая. Нягледзячы на шматлікія прагоны і раніцай, і ўвечары на працягу ўсяго верасня, гэты спектакль мне не надакучвае. Я нанава пражываю гэту гісторыю, калі выходжу на рэпетыцыю", - адзначыла Людміла Хітрова.

"Ігар Паўлавіч не пакінуў без увагі ніводны наш крок, ніводны жэст, ніводны погляд. Гэты спектакль будзе зусім не падобны на той, які я танцавала, напрыклад, 5 гадоў таму", - дадала выканаўца галоўнай партыі.

Дырыжорам-пастаноўшчыкам прэм'еры выступіў Мікалай Калядка, мастаком - Вячаслаў Окунеў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі