Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 сакавіка 2023, 10:28

Прэм'ерныя спектаклі Брэсцкага тэатра лялек пакажуць на тэатральным тыдні

21 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім тэатры лялек 21 сакавіка стартуе тэатральны тыдзень, прымеркаваны да Сусветнага дня тэатра, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара БТЛ Наталля Антанюк.

Дата для пачатку культурнай акцыі выбрана невыпадкова - 21 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень лялечніка. Запланаваны паказ беларускай народнай казкі "Як Алёнка ведзьму перамагла". Прэм'ерны спектакль пакажуць таксама раніцай 23 сакавіка, а ўвечары для дарослых - новае, "лялечнае" прачытанне класічнай гісторыі Аляксандра Валодзіна "Асенні марафон" у пастаноўцы вядомага расійскага рэжысёра Руслана Кудашова.

Прадоўжыць тэатральны марафон 24 сакавіка спектакль "Прыгоды Тома Соера" паводле аповесці Марка Твэна. Адбудуцца і традыцыйныя паказы выхаднога дня. Так, раніцай 25 сакавіка ў тэатры запланавана казка для маленькіх гледачоў "Прыгоды каралеўскай кароны", удзень - "Дзікія лебедзі" паводле казкі Ханса Крысціяна Андэрсена.

Насычаную праграму для наведвальнікаў брэсцкія лялечнікі падрыхтавалі напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, 26 сакавіка. У гэты дзень у тэатры пакажуць адразу тры пастаноўкі: інтэрактыўны спектакль паводле казкі Валянціна Катаева "Кветачка-вясёлка" для дзяцей ва ўзросце ад 3 гадоў і старэйшых, музычны спектакль "Бармалей" (4+), а таксама прэм'еру казкі для самых маленькіх "Церамок". (2+).

Паміж спектаклямі юных гледачоў чакае забаўляльная праграма, дзе яны змогуць разам Папялушкай і Прынцам развучыць танец да балю, змайстраваць з дапамогай казачнага повара прыдатную да яды ляльку, дапамагчы пабудаваць дом Івану Іванавічу, нягледзячы на хітрыкі старой Шапакляк.

"Па афішы тэатральнага тыдня можна ўбачыць, што ў нас ідуць толькі прэм'ерныя спектаклі. У большасці сваёй яны пастаўлены восенню мінулага года. Мы выбралі іх спецыяльна, каб надаць адметнасць тэатральнаму тыдню, а заадно пазнаёміць гледачоў з нашымі новымі работамі", - адзначыла Наталля Антанюк.

У гэтым годзе Брэсцкаму тэатру лялек спаўняецца 60 гадоў. За гады існавання калектыў БТЛ паставіў каля 150 спектакляў, якія паглядзелі мільёны гледачоў. Вялікая работа тэатра па папулярызацыі беларускага лялечнага мастацтва за мяжой і паспяховыя выступленні на міжнародных фестывалях у 2005 годзе адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта "За развіццё міжнародных культурных сувязей". У 2007 годзе Брэсцкаму тэатру лялек прысвоена ганаровае званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі