Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 лютага 2020, 15:28

Прэм'ера знятага ў Беларусі фільма "Урокі фарсі" адбылася на Берлінскім кінафестывалі

27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ера фільма "Урокі фарсі" адбылася на Берлінскім міжнародным кінафестывалі, паведамілі БЕЛТА на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

"Урокі фарсі" - гэта міжнародны праект трох краін: Расіі (Hype Film і LM Media), Германіі (One Two Films) і Беларусі ("Беларусьфільм"). У цэнтры сюжэта гісторыя бельгійца яўрэйскага паходжання Жыля Крэм'е, які, апынуўшыся ў канцлагеры, выдае сябе за перса, каб застацца жывым. Цаной паратунку становяцца ўрокі персідскай мовы, якія Жыль вымушаны даваць мясцоваму кухару Клаусу Коха, які марыць аб сваім рэстаране ў Іране. Аднак замест персідскай Жыль вучыць Клауса неіснуючай мове, выдуманай дзеля выжывання.

Змешваючы трагічную гісторыю з камедыйнымі сцэнамі, рэжысёру ўдалося зняць неверагодна кранальны фільм на тэму Халакосту, але паставіць у цэнтр сюжэта не страшныя зверствы нацыстаў у канцлагеры, а чалавечнасць, давер'е і ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Рэжысёрам фільма выступіў Вадзім Перальман, сцэнарыстам - Ілья Цофін. У аснову карціны пакладзены аповед нямецкага кінематаграфіста Вольфганга Кальхаазэ "Вынаходства мовы".

Асноўныя здымкі фільма прайшлі на тэрыторыі Беларусі і на натурнай пляцоўцы кінастудыі "Беларусьфільм". Дзве галоўныя ролі выканалі вядомыя акцёры Ларс Айдынгер і Наўэль Перэс Біскаярт. Акцёрамі масавых сцэн і эпізодаў сталі беларусы.

Прэм'ера фільма адбылася на цэнтральнай пляцоўцы кінаагляду Berlinale Palast, публіка сустрэла карціну дзесяціхвіліннымі авацыямі. Плануецца, што пасля фестывальнай гісторыі карціна выйдзе ў пракат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі