18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканская прэм'ера гісторыка-прыгодніцкага фільма "Авантуры Пранціша Вырвіча" пераносіцца на май. Кінастудыя "Беларусьфільма" выступіла з ініцыятывай пераагучыць карціну на беларускай мове. Фільм выйдзе ў пракат адначасова на дзвюх мовах, калі будзе гатова беларускамоўная версія, паведамілі БЕЛТА на кінастудыі.
Упершыню фільм шырокай публіцы плануюць прадэманстраваць у маі. Раней паведамлялася, што прэм'ера адбудзецца 19 сакавіка.
У аснове карціны "Авантуры Пранціша Вырвіча" раман беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. У кнізе расказваецца гісторыя юнага Пранціша Вырвіча і мудрага доктара, алхіміка Бутрамея Ледніка. Яны аказваюцца ў цэнтры барацьбы за трон Рэчы Паспалітай, дзеля якога магутныя Радзівілы, Сапегі і Багінскія спрабуюць завалодаць легендарнай рамфеяй улады. Герояў чакаюць адчайныя бітвы, пагоні, слаўныя подзвігі і каханне.
Як адзначылі на кінастудыі, гэта першы за апошнія гады гістарычны фільм, над якім працавала толькі беларуская творчая група. Рэжысёр - Аляксандр Анісімаў, аўтар сцэнарыя - Валянцін Залужны, аператар-пастаноўшчык - Дзмітрый Рудзь. Ролі выканалі Георгій Пятрэнка, Іван Трус, Віктар Манаеў, Вераніка Пляшкевіч, Вячаслаў Паўлюць, Яўгенія Анікей, Дзмітрый Есяневіч, Сяргей Чэкерэс, Сяргей Жбанкоў і іншыя.-0-