Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 снежня 2017, 09:15

Праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у "Еўрабачанні-2018" ад Беларусі пройдзе 11 студзеня

27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адкрытае праслухоўванне ўдзельнікаў нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе 11 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе медыяхолдынга.

Праслухоўванне пройдзе ў рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі або фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду або нейкіх вакальных імітацый. Афіцыйны сайт па традыцыі будзе весці анлайн-трансляцыю са студыі медыяхолдынга.

У гэтым годзе да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі, пазначанымі ў палажэнні адборачнага тура. На сёння ў Белтэлерадыёкампанію паступіла больш за 30 заявак, сярод іх канкурсанты, якія неаднаразова прымалі ўдзел у нацыянальных адборах: Жанет, ALEN HIT, KATTIE, група PROVOCATION, Аляксандра Ткач.

Тэрмін прыёму заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры завяршаецца сёння. Апошні дзень адпраўкі бандэролей - 26 снежня.

Традыцыйна прэтэндэнты на ўдзел адпраўляюць свае бандэролі ў апошнія дні прыёму заявак, і гэты год не стаў выключэннем, адзначылі ў прэс-службе. Таму Белтэлерадыёкампанія адводзіць люфт з некалькіх дзён, каб усе адпраўленыя ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі паспелі паступіць на адрас медыяхолдынга і былі разгледжаны арганізатарамі адбору.

11 студзеня патэнцыяльныя ўдзельнікі песеннага форуму змогуць прадставіць свае кампазіцыі на суд прафесійнага журы. Імёны фіналістаў, якіх будзе не больш за 15, стануць вядомы ў гэты ж дзень вечарам.

Фінал адбору пройдзе не пазней за 1 сакавіка наступнага года ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Удзельнік фіналу, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў, аб'яўляецца пераможцам праекта і становіцца афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" у Лісабоне (Партугалія).

Арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура з'яўляецца Белтэлерадыёкампанія. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім вяшчальным саюзам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі