Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лістапада 2016, 16:35

Праслухоўванне прэтэндэнтаў на ўдзел у "Еўрабачанні-2017" ад Беларусі адбудзецца 30 лістапада

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адкрытае праслухоўванне прэтэндэнтаў нацыянальнага адбору міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне-2017" адбудзецца ў Белтэлерадыёкампаніі 30 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе медыяхолдынга.

Афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі tvr.by па традыцыі будзе весці анлайн-трансляцыю праслухоўвання. Яно пройдзе ў рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду або нейкіх вакальных імітацый.

У гэтым годзе да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформлены ў адпаведнасці з прад'яўленымі патрабаваннямі. Сярод удзельнікаў як сольныя выканаўцы, так і калектывы, прычым не толькі з Беларусі, але і з іншых краін.

Тэрмін прыёму заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры заканчваецца сёння. Апошні дзень адпраўкі бандэролей - 22 лістапада.

Як адзначылі ў прэс-службе, традыцыйна прэтэндэнты на ўдзел адпраўляюць свае бандэролі ў апошнія дні прыёму заявак, і гэты год не стаў выключэннем. Таму Белтэлерадыёкампанія адводзіць люфт з некалькіх дзён, каб усе адпраўленыя ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі паспелі паступіць на адрас медыяхолдынга і былі разгледжаны арганізатарамі адбору.

А ўжо 30 лістапада ў 12.00 патэнцыяльныя ўдзельнікі песеннага форуму змогуць прадставіць свае кампазіцыі на суд прафесійнага журы. Імёны фіналістаў, якіх будзе не больш за 15, стануць вядомы ў той жа дзень.

Фінал адбору пройдзе не пазней як 25 студзеня ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Удзельнік фіналу, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і галасавання гледачоў, аб'яўляецца пераможцам праекта і становіцца афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" у Кіеве (Украіна).

Арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура з'яўляецца Белтэлерадыёкампанія. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім вяшчальным саюзам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі