Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 сакавіка 2023, 10:42

Праект да юбілею каледжа імя Салярцінскага прадставяць у абласной філармоніі ў Віцебску

23 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Вялікі праект да 105-годдзя Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.І. Салярцінскага і 85-годдзя ўтварэння Віцебскай вобласці пройдзе 23 сакавіка ў абласной філармоніі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў канцэртнай установе.

Канцэрт Аркестра беларускіх народных інструментаў ВДМК імя І.І. Салярцінскага "Звон цымбалаў як песня душы" пройдзе пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка і дырыжора Сяргея Цімашэнкі. У складзе гэтага калектыву, а таксама ансамбля цымбалістаў выступяць студэнты каледжа. Праграму ўпрыгожаць і салісты абласной філармоніі. Артысты выканаюць "Зіму ў Буэнас-Айрэсе" Астара П'яцолы, "Выхадную арыю Марыцы" Імрэ Кальмана, "Уверцюру" Джаакіна Расіні да оперы "Вільгельм Тэль". Нараўне з творамі Фердынанда Карулі, Іагана Штрауса прагучаць музычныя работы Вячаслава Кузняцова, Валерыя Іванова і Уладзіміра Кур'яна.

Выступленне музыкантаў і артыстаў пачнецца ў 19.00, а на гадзіну раней у фае канцэртнай установы разгорнецца інфармацыйна-асветная акцыя абласных аб'яднанняў прафсаюзаў і арганізацыі РГА "Белая Русь". Гасцям раскажуць аб рабоце грамадскіх арганізацый, пакажуць спецыяльна падрыхтаваныя відэаролікі і арганізуюць розныя фотазоны.

Сумесны канцэрт стаў вялікім праектам музычнага каледжа і філармоніі, да якога далучыліся арганізацыі паўночнага рэгіёна. "Мы прымеркавалі гэты канцэрт да 85-годдзя Віцебскай вобласці і Года міру і стварэння. Ну а музыканты заўсёды галасуюць за мір сваімі ўменнямі - музыкай, прафесійным выкананнем музычных твораў. Вельмі сімвалічна, што ў значны для нашай вобласці год на сцэне будуць беларускія цымбалы - візітная картка народнага інструментарыю нашага рэгіёна і краіны. Нават у этнаграфічных даследаваннях даказана, што Віцебская вобласць - сакральнае месца для гэтага інструмента. Тут яны былі вельмі распаўсюджаны, і ў Пастаўскім раёне ёсць народныя цымбалы, якія захаваліся. Ну а сёння гледачы пачуюць гучанне сучасных цымбалаў, у тым ліку іх аркестравых разнавіднасцей", - расказала дырэктар абласной філармоніі Таццяна Савіцкая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі