Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 сакавіка 2022, 13:00

Пра моду, прыгажосць і не толькі: экспазіцыю кніг і часопісаў пра жаночыя вобразы прадстаўляюць у Мінску 2 сакавіка

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Святочная прэзентацыя "Прыгожыя ў прыгожым: літаратура і мастацтва пра жанчын і для іх" праводзіцца 2 сакавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Увазе гасцей мерапрыемства будзе прапанавана кніжная выстава "Скарбніца Пандоры: пра моду, прыгажосць і не толькі (паводле матэрыялаў выданняў XVIII-XX стст.)".

"Вобраз жанчын розных часоў і народаў, свецкая мода і нацыянальнае жаночае адзенне, кулінарыя і рукадзелле, традыцыя балю і песні з рэпертуару гараджанак і вясковых дзяўчат - пра ўсё гэта можна будзе даведацца на старонках кніг і часопісаў, прадстаўленых у экспазіцыі", - расказалі ў бібліятэцы.

Як адзначылі арганізатары, на экспазіцыі ў асноўным будуць прадстаўлены выданні мінулага. Самыя раннія - некалькі выпускаў нямецкага перыядычнага выдання "Часопіс раскошы і мод", які выходзіў з 1786 па 1827 г. і быў першым у Германіі часопісам, прысвечаным пытанням моды. Двухтомнае выданне "Мода і звычаі часоў Марыі-Антуанэты" наведвальнікам выставы раскажа аб тым, якім убранням аддавалі перавагу пры французскім двары канца XVIII стагоддзя. Атрымаць асалоду, назіраючы за хараством вырабаў рускіх майстрых, можна будзе дзякуючы выданню Соф'і Давыдавай, якая грунтоўна вывучала рускае народнае мастацтва і ўдзяліла асаблівую ўвагу карункаваму промыслу. Яе работу "Русское кружево: узоры и сколки", выдадзеную ў 1909 г. у Пецярбургу, таксама прадставяць на экспазіцыі. Кулінарнымі рэцэптамі 150-гадовай даўнасці падзеліцца Вінцэнта Завадская, аўтар вядомай і папулярнай кнігі "Кухарка літоўская".

"Многія выданні, прадстаўленыя на выставе, змяшчаюць ілюстрацыі, якія дапаўняюць экспазіцыю яркімі жаночымі вобразамі мінулага", - дадалі ва ўстанове культуры.

У прэзентацыі прыме ўдзел вядомая мінская мастачка Марыя Ісаёнак, якая беражліва захоўвае творчую спадчыну сваёй маці - дзіўныя творы народнага майстра Вольгі Паўленка (1919-2008), якую даследчыкі называюць "народным Матысам". Цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава "Кола жыцця. Абрусы Вольгі Паўленка". Адна з работ майстра будзе прадэманстравана і ў сценах бібліятэкі.

"Апошнім часам з'явілася нямала дызайнераў і прыватных вытворцаў, якія цікавяцца аўтэнтычнымі ўбраннямі. І гэта нядзіўна, традыцыйна беларускае адзенне застаецца вялікай каштоўнасцю і будзе сучасным заўсёды", - расказалі ў бібліятэцы.

У рамках прэзентацыі старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Віннікава раскажа пра традыцыі жаночых галаўных убораў, з якімі вобраз беларускага жаночага адзення становіцца завершаным, і правядзе для гасцей майстар-клас.

Прыемным музычным дадаткам да мерапрыемства стане выступленне струннага квартэта Музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі