Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 верасня 2021, 15:14

Пра мінулае і сучаснае: Мінск у фатаграфіях прадставілі на выставе ў Вялікім тэатры

8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзве выставы фатаграфій пра мінулае і сучаснае горада Мінска адкрыліся сёння ў фае Вялікага тэатра Беларусі, расказалі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Першая экспазіцыя "Які цудоўны гэты Мінск, паглядзі!" прадстаўляе работы сучасных беларускіх фотакарэспандэнтаў, супрацоўнікаў агенцтва "Мінск-Навіны" і Беларускага тэлеграфнага агенцтва і расказвае пра Мінск сённяшні.

"Гэтыя фатаграфіі - старонкі вялікага летапісу. На іх Мінск паказаны ў асобах, падзеях, эмоцыях. Вось Нацыянальная бібліятэка ў абрамленні пад'ёмных кранаў: бетонная чаша абавязкова стане "алмазам". А тут на рэканструяваным стадыёне "Дынама" праходзіць яркая цырымонія закрыцця II Еўрапейскіх гульняў, на якія сабраліся атлеты і балельшчыкі з усяго кантынента. Эстафета "Полымя міру" на мінскіх вуліцах, рэстаўрацыя зоркі на мануменце Перамогі і "Мінск-Арэна" ў вячэрніх агнях, скульптар Уладзімір Жбанаў, які дае інтэрв'ю ў бронзавай губернатарскай карэце. І вядома - Вялікі тэатр. На фота можна будзе ўбачыць народнага артыста Беларусі Уладзіміра Громава", - адзначылі арганізатары.

Другую выставу ў Вялікім тэатры прадставіў Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў - адзінае ў рэспубліцы сховішча рэтраспектыўнай аўдыявізуальнай інфармацыі і буйнейшы збор унікальных кіна-, фота- і фонадакументаў. "Яго па праву можна назваць гукавым і бачным летапісам Беларусі. Архіў прадставіць на выставе рэдкія фатаграфіі, перададзеныя ў яго фонды з калекцый Вольгі Кукуні, Рыгора Лукоўнікава, Яна Балзункевіча, Мікалая Тагрына і Васіля Каляды", - расказалі ў тэатры.

Каля Камернай залы гледачы могуць разгледзець афішы Вялікага 1939 года. "У той час на нашай сцэне ставіліся оперы "Міхась Падгорны" Яўгена Цікоцкага, "Русалка" Аляксандра Даргамыжскага, "Дрыгва" Анатоля Багатырова, балеты "Салавей" Міхаіла Крошнера, "Бахчысарайскі фантан" Барыса Асаф'ева", - дадалі арганізатары.

Гэтыя выставы можна будзе ўбачыць у тэатры на працягу верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі