Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 лютага 2020, 12:02

Пра даходы, зарплаты і наведвальнасць тэатраў - Мінкультуры дало справаздачу аб рабоце ў 2019 годзе

7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ключавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця сферы культуры за 2019 год перавыкананы ў разы. Аб гэтым заявіў 7 лютага журналістам міністр культуры Беларусі Юрый Бондар на падагульняючай калегіі па выніках работы ў мінулым годзе і задачах на бягучы год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У папярэднія гады і ў 2019-м дзяржава стварыла вельмі моцны базіс для дынамічнага развіцця галіны. Усе ключавыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця сферы не проста выкананы, а перавыкананы ў разы", - заявіў Юрый Бондар.

Пра бюджэт, даходы і экспарт паслуг

На сферу культуры ў мінулым годзе з бюджэту выдзелена Br543 млн. Дадаткова ўстановы прыцягнулі спонсарскай дапамогі на Br8,2 млн (на 21 працэнт больш, чым у 2018 годзе).

Пазабюджэтныя і ўласныя даходы арганізацый культуры за мінулы год склалі Br186 млн. "Пры даведзеным паказчыку росту пазабюджэтных даходаў галіны на 5,5 працэнта фактычная лічба склала 16 працэнтаў, - адзначыў міністр. - Мы значна рушылі наперад у экспарце нашых паслуг, і гэта лічба склала каля $9 млн - рост 36 працэнтаў". Больш за палавіну гэтай сумы ($5,5 млн) прыпадала на Кітай.

Пра зарплаты ў сферы культуры

Паводле слоў Юрыя Бондара, сярэдняя зарплата па выніках года ў сферы культуры склала Br650, павялічыўшыся на 12 працэнтаў у параўнанні з 2018 годам. "Прагназуецца рост зарплаты ў бягучым годзе на 11 працэнтаў. Па выніках года яна павінна скласці Br740", - сказаў міністр.

Пры гэтым сярод лідараў па ўзроўні зарплаты кінапракатныя арганізацыі (Br906), кінавідовішчныя (Br713), тэатральна-відовішчныя (Br679), паркі культуры і адпачынку (Br877). "Нас падводзяць арганізацыі культуры рэгіянальнага падпарадкавання. Рэзервы для росту ёсць, яны перш за ўсё ў пашырэнні відаў платных паслуг і аптымізацыі структур", - звярнуў увагу Юрый Бондар.

Пра наведвальнасць тэатраў

У міністэрстве расказалі, што ў мінулым годзе запаўняльнасць залаў большасці дзяржаўных рэпертуарных тэатраў перавысіла парогавую мяжу ў памеры 75 працэнтаў. У лідарах знаходзяцца Купалаўскі тэатр (92 працэнты), Вялікі тэатр оперы і балета (84 працэнты) і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (80 працэнтаў).

"Прыкладамі служаць яркія тэатральныя падзеі года, такія, як адноўлены ў новай рэдакцыі Валянцінам Мікалаевічам Елізар'евым балет "Стварэнне свету" і пастаноўка маладым балетмайстрам тэатра Вольгай Костэль балета "Ганна Карэніна" ў Вялікім тэатры Беларусі, "Кароль Лір" у пастаноўцы Мікалая Пінігіна і "Шляхціц Завальня" маладога рэжысёра Алены Ганум на сцэне Купалаўскага тэатра, "Сірожа" Аляксандра Гарцуева і "Шлюб з ветрам" Яўгена Карняга ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, "Фальшывая нота" Аляксандра Яфрэмава ў тэатры-студыі кінаакцёра", - агучыў паспяховыя работы Юрый Бондар.

Пра кінаіндустрыю і "Беларусьфільм"

У мінулым годзе дзяржаўныя кінатэатры наведалі амаль 11 млн гледачоў, што амаль на 85 тыс. больш, чым у 2018 годзе.

Міністэрства культуры адзначае дадатныя тэндэнцыі ў рабоце кінастудыі "Беларусьфільм" пасля яе мадэрнізацыі, трансфармацыі структуры і функцый. Кінастудыяй і іншымі вытворцамі c дзяржаўнай падтрымкай у Беларусі знята 29 фільмаў - на пяць больш, чым у 2018-м.

"Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг вырасла на 10 працэнтаў, чысты прыбытак - на 34 працэнты, аб'ём экспарту тавараў і паслуг - на 58 працэнтаў", - канстатаваў Юрый Бондар. Толькі супрацоўніцтва з замежнымі вытворцамі прынесла "Беларусьфільму" сотні тысяч долараў, дадаў ён.

Работы кінастудыі ўдзельнічалі ў 70 міжнародных кінафестывалях, дзе адзначаны 49 узнагародамі. Так, напрыклад, 16 узнагарод атрымаў адзін толькі кароткаметражны фільм "Франка" з альманаха "Вайна. Застацца чалавекам" маладога беларускага кінарэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава.

Пра гісторыка-культурныя каштоўнасці

Беларускі дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей за 2019 год папоўніўся 16 аб'ектамі спадчыны (сёння ў яго ўключана амаль 5,5 тыс. аб'ектаў). У снежні палескі абрад "Юр'еўскі карагод" папоўніў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У бягучым годзе плануецца ўключыць элемент "Лясное бортніцтва Беларусі і Польшчы". Работа вядзецца сумесна з польскім бокам. Ідзе падрыхтоўка яшчэ адной намінацыі - "Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення".

У Мінкультуры таксама адзначылі, што на месцах прыкметна актывізавалася работа па правядзенні культурных мерапрыемстваў, заснаваных на мясцовым унікальным матэрыяле. Адкрыццём 2019 года сталі ўпершыню праведзеныя ў рэгіёнах I Міжнародны пленэр ганчароў у пасёлку Копысь Аршанскага раёна, які на працягу многіх стагоддзяў быў цэнтрам мастацкай і дэкаратыўнай керамікі, I Рэспубліканскі фестываль-конкурс цыркавых калектываў у Оршы, Будслаўскі фэст, унесены ў 2018 годзе ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, упершыню праведзены ў Мядзельскім раёне пад эгідай ЮНЕСКА.

Наступным нашым крокам у гэтым напрамку павінна стаць шырокая папулярызацыя мясцовых культурных брэндаў і самабытных традыцый, якія маюць вялікія перспектывы для развіцця культурна-пазнавальнага турызму", - падкрэслілі ў ведамстве.

Пра галоўныя падзеі 2020 года

Сярод найбольш значных падзей у мастацкім жыцці Беларусі сёлета Юрый Бондар назваў 100-годдзе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы і 100-годдзе аб'яднання "Сцвярджальнікі новага мастацтва". "Віцебск па праву лічыцца радзімай сучаснага авангарда. Гэту тэму мы хацелі б пазіцыянаваць з пункту гледжання развіцця турыстычнага патэнцыялу", - сказаў Юрый Бондар.

Згаданыя падзеі знойдуць сваё адлюстраванне ў праграмах Нацыянальнай тэатральнай прэміі і рэспубліканскай выстаўкі "Трыенале сучаснага мастацтва" з правядзеннем на яе пляцоўцы фіналу Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі