Сцяг Серада, 19 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 красавіка 2024, 11:43

Пра беларускіх падарожнікаў і адкрыцці. Выстава "Ад Нёмана да Ціхага акіяна" адкрылася в НББ

Фота Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Фота Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава "Ад Нёмана да Ціхага акіяна: гісторыя вандровак і геаграфічных даследаванняў", прымеркаваная да 70-годдзя Беларускага геаграфічнага таварыства і 90-годдзя факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Экспазіцыя расказвае аб станаўленні геаграфіі ў нашай краіне і ўкладзе знакамітых першапраходцаў-выхадцаў з Беларусі, увекавечаных у падручніках і геаграфічных картах свету. Сярод экспанатаў - рэдкія кнігі і карты, сучасная тэматычная літаратура. Прадстаўлены партрэты і кароткія біяграфічныя звесткі пра беларускіх падарожнікаў і географаў. "Тут працы географаў, якія тварылі для грамадства і пра грамадства. Яны стваралі новыя тэорыі і даследавалі як нашу краіну, так і Сібір, Далёкі Усход, Аўстралію, Паўднёвую Амерыку. Цяпер іх імёнамі названы планеты, мінералы, горы, залівы і пікі, - адзначыў старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў. - На выставе мноства эксклюзіўных рэчаў. Гэта атласы, карты, інструменты. У нас прадстаўлена першая карта Томаша Макоўскага, якая пабудавана на нашай тэрыторыі і паказала нашу краіну".

Асаблівае месца ў экспазіцыі заняло геадэзічнае абсталяванне з калекцыі выкладчыка БНТУ Віктара Вексіна. "Калекцыя складаецца з дзвюх частак. Першая прадстаўлена на стэлажах - гэта старадаўнія прыборы XVII-XIX стагоддзяў. Другая частка, набліжаная да сучаснасці, згрупавана ў цэнтры залы. Многія з гэтых прыбораў прымяняліся пры будаўніцтве знакавых аб'ектаў горада Мінска, у тым ліку і будынка Нацыянальнай бібліятэкі", - расказаў калекцыянер.

Як адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, мэта выставы - папулярызацыя прафесіі вучонага: геолага, географа, геадэзіста, тых, хто непасрэдна займаецца вывучэннем нашай зямлі. "На гэты час мы дамовіліся пра шэраг мерапрыемстваў, звязаных з папулярызацыяй удзелу беларусаў у вывучэнні не толькі нашай рэспублікі, але і планеты ў цэлым, - сказаў ён. - Гэта вельмі важная прафесія, пра якую трэба шырока расказваць, паказваць нашы дасягненні і традыцыі, каб захапляць моладзь. Нам ёсць чым ганарыцца".

Падтрымала яго і дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Алена Кальмакова. "Свет, у якім мы жывём, імкліва мяняецца на вачах аднаго пакалення. Гэта глабалізацыя, лічбавізацыя, экалагічныя праблемы. І праблемы, якія цяпер хвалююць кожнага, знаходзяцца на стыку прыроды і грамадства. Менавіта геаграфія знаходзіцца на стыку прыроднага і сацыяльнага, бо яна складаецца з фізічнай і сацыяльна-эканамічнай частак. Геаграфія павінна і можа вырашыць тыя праблемы, якія нас хвалююць", - упэўнена яна.

У час выставы адбылася прэзентацыя кніг "Географы Беларусі. Біяграфічны даведнік", "Пружанскі край на старадаўніх картах", "Пружанская кулінарыя: 76 унікальных рэцэптаў".

Прадоўжыцца выстава да 21 красавіка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі