Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 ліпеня 2018, 13:24

Поўнакантактны конны турнір стане эксклюзівам фестывалю "Наш Грунвальд" у Дудутках

7 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі 22 ліпеня пройдзе поўнакантактны конны турнір на суцэльнадраўляных коп'ях з усім цырыманіялам па правілах XV стагоддзя. Ён стане адным з эксклюзіваў праграмы X Міжнароднага фестывалю сярэдневяковай культуры і музыкі "Наш Грунвальд" у Дудутках, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адзін з ініцыятараў і арганізатараў фестывалю Аляксандр Рак.

"Раней на фестывалі была толькі тэатралізацыя коннага турніру, у якой дэманстраваліся навыкі валодання кап'ём, майстэрства наезніка. Цяпер жа, упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі будзе рэканструяваны поўнакантактны конны турнір. Адрозненне ад іншых такіх спаборніцтваў, якія праходзяць на тэрыторыі рэспублікі, у тым, што ў гэтым выпадку будуць змагацца рыцары ў даспехах XV-XVI стагоддзяў і на паўнацэнных, доўгіх коп'ях з каранелем (плоскай металічнай плашкай) замест баявога наканечніка", - растлумачыў Аляксандр Рак.

Такая традыцыя называецца джостынг (коннае збіванне на коп'ях), менавіта яе многія бачылі ў фільмах, прысвечаных эпосе рыцарства. У рэальным жыцці беларусы, паводле слоў Аляксандра Рака, не бачылі такога ўжо гадоў 600. Сутнасць турніру ў тым, што два коннікі ў поўным камплекце даспехаў нясуцца адзін на аднаго ўздоўж так званай лініі джостар. Гэта драўляная агароджа, якая раздзяляе рыцараў. Праціўнікі накіроўваюць адзін на аднаго коп'і, імкнучыся выбіць апанента з сядла.

"Гэта даволі небяспечная, экстрэмальная дысцыпліна. Бываюць выпадкі сур'ёзных траўмаў. Таму займацца такім могуць толькі вельмі добра падрыхтаваныя байцы. Акрамя таго, гэта дарагое хобі: каб набыць поўную амуніцыю, пастаянна трэніравацца, патрэбны дзясяткі тысяч долараў. У свеце набярэцца, напэўна, толькі пара дзясяткаў конных рыцараў. Да нас прыедуць 6 або 8 удзельнікаў. У Беларусі на гэты момант цалкам гатовы да турніру адзін рыцар, яшчэ два на падыходзе - ім трэба дарабіць даспех, які цалкам ахавае ад магчымых асколкаў кап'я пры ўдары. Астатнія ўдзельнікі плануюць прыехаць да нас з Расіі", - дадаў Аляксандр Рак.

Коней для спаборніцтваў расійскія госці прывязуць сваіх, у беларускіх рыцараў таксама ёсць падрыхтаваныя коні. "Наогул, у такім турніры ў коней быў даспех - ахова галавы і грудзей. Але ў нашым выпадку неабходнасці ў гэтым няма, таму што джостар, які раздзяляе коннікаў, будзе 1,8 м вышынёй, што выключае траўмы для коней. Бяспеку людзей, акрамя іх саміх, будзе гарантаваць дасканалая падрыхтоўка. На турніры будзе дзяжурыць брыгада медыкаў", - сказаў Аляксандр Рак.

Ён адзначыў, што ў свеце для правядзення такіх турніраў патрабуюцца сур'ёзныя допускі. Таму да гэтага часу на суцэльнадраўляных коп'ях спаборніцтвы праводзіліся толькі ў ЗША, Францыі і Аўстраліі. Беларусь будзе чацвёртай краінай. І калі турнір удасца, гэта створыць прэцэдэнт, які дазволіць у наступным годзе пашырыць геаграфію ўдзельнікаў. Бязвізавы рэжым паслужыць для гэтага дадатковым стымулам.

А пакуль у Дудутках будуецца джостар з паласой разгону коней даўжынёй 38 м, афармляюцца дзве трыбуны для гледачоў. Кожная з іх умяшчае да 300 чалавек, яшчэ некалькі соцень змогуць назіраць за боем вакол пляцоўкі. Цікавасць усяму відовішчу надасць і маляўнічы цырыманіял: выхады герольдаў, паказ рыцараў з вынасам гербаў, сцягоў, суправаджэнне збраяносцаў, судзейства.

Х Міжнародны фестываль сярэдневяковай культуры і музыкі "Наш Грунвальд" пройдзе 21-22 ліпеня ў музейным комплексе ў Дудутках. Галоўнай падзеяй стане рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы. На працягу двух дзён на тэрыторыі комплексу пройдуць рыцарскія турніры ў пешым страі ў фармаце "шчыт-меч", турнір алебардыстаў і капейшчыкаў, турнір лучнікаў, масавыя бітвы (бугурты) і "Бітва Двароў". Са сцэны гасцей будуць забаўляць вясёлымі і рамантычнымі напевамі і рытмамі лепшыя фолк- і рок-калектывы Беларусі, Расіі і краін Еўропы. Пройдуць майстар-класы па сярэдневяковых танцах і рамёствах, будзе працаваць горад майстроў, інтэрактыўныя пляцоўкі, майстэрні па вырабе даспехаў, ліцці ювелірных вырабаў, апрацоўцы каменя, вырабе зброі, плаўцы руды, фарбаванні тканін, ганчарныя і кавальскія майстэрні.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Экстрым-тэатр "Берсерк", Аляксандр Рак і музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі