
15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава жывапісу члена Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Шапо "Полацк. Горад і людзі" адкрываецца 15 лютага ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Полацк Уладзіміра Шапо - своеасаблівы сусвет мастака, што змяшчае ў сабе і ўспаміны дзяцінства, і казкі Маркеса, і Фудзі Хакусая, і аўтарскі канцэпт чалавечага быцця з яго краевугольным пытаннем прыналежнасці да месца, часу, культурнага кантэксту.
Серыя "Горад і людзі" экспануецца ўпершыню. Яна прысвечана Полацку, напоўнена яго сімволікай - вузкімі вулачкамі, па якіх аўтар гуляў дзіцем, дамамі і храмамі, лазнямі і мастамі, пад якімі нясе свае воды Дзвіна, над якімі велічна ўзвышаецца Сафійскі сабор, а маленькая чалавечая постаць знаходзіць сваё месца на Зямлі, сваю ідэнтычнасць, сваю вечнасць. Уладзімір Шапо запрашае ў свой Полацк - і канкрэтнае месца на карце, і метапрастору сэнсаў.
Выстава будзе працаваць да 5 сакавіка 2023 года.-0-