24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 140-годдзю з дня нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, адкрые праграма "Купальская ноч у Купалаўскім доме" 24 чэрвеня, расказала карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар міністэрства культуры Святлана Шыян.
У Год гістарычнай памяці і з нагоды юбілею народнага паэта асабліва ўрачыста пройдуць купалаўскія дні, якія сталі ўжо традыцыйнымі. "Напярэдадні дня нараджэння беларускага песняра 24 чэрвеня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбудзецца праграма "Купальская ноч у Купалаўскім доме", - сказала Святлана Шыян.
"Свята Купалле ў народзе лічылі часам, калі здараюцца цуды. Быццам бы толькі ў гэту ноч зацвітала дзівосная кветка папараці. Гэта легенда ўвасобіла мару чалавека аб шчаслівым жыцці. Менавіта з яе пачынаецца мастацкі свет Янкі Купалы", - адзначылі ва ўстанове.
У праграме купальскага вечара запланаваны ўдзел фальклорнага калектыву "Этнасуполка" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У гэты вечар таксама на тэрыторыі ўстановы пройдуць майстар-класы па пляценні купальскіх вянкоў, выкананні старадаўніх песень і танцаў.
Пачатак мерапрыемства ў 18.30.-0-