Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 чэрвеня 2022, 10:38

Пленэр юных мастакоў пройдзе ў Брэсцкай крэпасці

1 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" сёння пройдзе XIV штогадовая рэгіянальная творчая акцыя "Малююць дзеці", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў навукова-асветным аддзеле мемарыяла.

Удзельнікамі акцыі стануць юныя мастакі ва ўзросце ад 9 да 16 гадоў - навучэнцы агульнаадукацыйных школ, гімназій, дзіцячых мастацкіх школ і дзіцячых школ мастацтваў Брэста і вобласці. Традыцыйна мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Акрамя таго, 1 чэрвеня гэта яшчэ і памятная дата ў гісторыі Брэсцкай крэпасці. У гэты дзень у 1836 годзе быў закладзены першы камень у фундамент будучай цытадэлі над Бугам.

У гэтым годзе творчая акцыя прысвечана 180-годдзю з дня ўвядзення крэпасці ў строй і 50-годдзю Паста Памяці. Гэтыя падзеі і вызначылі дзве намінацыі, па якіх пройдзе конкурс пленэрнага малюнка на тэму "Старонкі гісторыі Брэсцкай крэпасці". Арганізатары прапануюць удзельнікам зрабіць своеасаблівае падарожжа ў часе - у мастацкай форме паказаць жыццё гарнізона крэпасці перыяду XIX - пачатку XX стагоддзяў, а таксама слаўную традыцыю брэсцкіх юнармейцаў несці Вахту памяці ля Вечнага агню мемарыяла.

Пленэр пройдзе як на адкрытым паветры, так і ў залах музейных экспазіцый. Малюнак можа быць выкананы рознымі жывапіснымі і графічнымі матэрыяламі (гуаш, акварэль, туш, перо, пастэль, аловак, гелевая ручка). Галоўнае, каб ідэя адпавядала тэме, на вышыні была якасць выканання, прысутнічалі творчае бачанне і почырк мастака.

Вынікі конкурсу падвядуць 2 чэрвеня. Аўтараў лепшых работ арганізатары адзначаць дыпломамі і каштоўнымі прызамі.

Акрамя конкурснай праграмы прадугледжаны дыстанцыйны фармат удзелу ў акцыі для навучэнцаў з гарадоў - пабрацімаў Брэста і музеяў - партнёраў мемарыяльнага комплексу з Расіі. У прыватнасці, запрашэнні плануецца накіраваць у Пензенскую вобласць, Петразаводск, Валгаград, Смаленск, іншыя гарады.

Лепшыя работы ўдзельнікаў акцыі (у тым ліку расійскіх школьнікаў) прадставяць на выстаўцы дзіцячага малюнка 21 верасня ў Міжнародны дзень міру ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі