Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 лістапада 2022, 18:02

"Пясняр азёрнага краю": жыццё і творчасць Міхася Машары прадставілі на выставе ў НББ

8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі экспануецца юбілейная выстава "Пясняр азёрнага краю", прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка Міхася Машары, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт НББ.

Увазе наведвальнікаў выставы ў раздзеле "Жывы паток" прадстаўлена трылогія, прысвечаная вызваленчаму руху Заходняй Беларусі, куды ўвайшлі раманы "Крэсы змагаюцца" (1966), "Сонца за кратамі" (1968), "Лукішкі" (1970), а таксама раманы "Ішоў дваццаты год" (1973), "І прыйдзе час…" (1975) і кніга ўспамінаў пісьменніка "Старонкі летапісу" (1975). Тэма Радзімы, захапленне прыгажосцю яе пейзажаў, праслаўленне працы народа складаюць аснову вершаў Міхася Машары. На паліцах размешчаны паэтычныя зборнікі "Малюнкі" (1928), "З-пад стрэх саламяных" (1937), "Беларусі" (1944), "Выбраная лірыка" (1945), "Праз навальніцы" (1948), "Урачыстасць" (1952), "Выбраныя творы" (1958), "Ад родных аселіц" (1959), "Мая азёрная краіна" (1962), паэма "Мамчына горка" (1936) і драма "Лёгкі хлеб" (1936), а таксама выданні для дзяцей "Зязюльчыны слёзы" (1961), "Зелянушка і Кракатушка" (1964) і інш. Дапаўняюць раздзел зборнікі і перыядычныя выданні, Якія ўключаюць аўтарскія творы, а также ноты з вершамі Міхася Машары, да якіх была напісана музыка кампазітарамі Мікалаем Аладавым, Рыгорам Пукстам, Юрыем Семянякам і інш.

Наведвальнікі таксама могуць азнаёміцца з кнігамі, зборнікамі і перыядычнымі выданнямі, дзе надрукаваны пераклады Міхася Машары на беларускую мову. Гэта паэтычныя і празаічныя творы вядомых майстроў слова - Мікалая Гогаля, Максіма Рыльскага, Уладзіслава Бранеўскага, Адама Міцкевіча і інш. Прадстаўлены і творы Міхася Машары, перакладзеныя на розныя мовы народаў свету.

У апошнім раздзеле выставы "На службе народу" экспануюцца матэрыялы аб жыцці і творчасці юбіляра.

Міхась Машара ўнёс вялікі ўклад у айчынную літаратуру ХХ стагоддзя. У сваіх творах ён паказаў важныя грамадска-сацыяльныя падзеі і рост самасвядомасці беларускага народа. Творчасць пісьменніка - гэта яркая і багатая старонка жыцця беларусаў. Міхась Машара з 1940 года з'яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР. Усё лепшае, што стварыў юбіляр, займае ганаровае месца ў скарбніцы беларускай літаратуры.

Экспазіцыя прадоўжыцца па 5 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі