Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 сакавіка 2021, 17:54

Пісьменнік і вайна: у Мінску прайшоў творчы вечар да юбілею Кандрата Крапівы

1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Творчы вечар да 125-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы адбыўся сёння ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Госці паслухалі ўспаміны пра Кандрата Крапіву, паглядзелі кінастужкі пра яго, а таксама ўрыўкі фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну, у якой літаратар таксама ўдзельнічаў. "Ён быў чалавекам, які прайшоў чатыры вайны. Менавіта гэта і прывяло сёння нас у гэты музей. Мы будзем разглядаць яго жыццё і творчасць у разрэзе Айчыннай вайны", - адзначылі арганізатары.

Дзякуючы супрацоўнікам музея ў фондах захоўваецца больш за 400 экспанатаў, звязаных з творчасцю Кандрата Крапівы. "Першы экспанат быў прыняты ў сховішча ў 1947 годзе", - расказалі ва ўстанове.

Гісторыямі пра жыццё і творчасць пісьменніка падзялілася яго ўнучка - кандыдат мастацтвазнаўства, загадчыца кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Алена Атраховіч. "Кандрат Крапіва - асоба, вядома ж, маштабная, пра якую заўсёды ёсць што расказаць. Калі я вывучала жыццё свайго дзеда, не толькі па асабістых успамінах, але і знаёмілася з дакументамі, я высветліла, што пра яго напісана шмат. Але ў асноўным гэта літаратуразнаўчыя артыкулы, кнігі пра яго навуковую дзейнасць. А вось пра Кандрата Крапіву як чалавека не было прац. Я ўпэўнена, што многія ведаюць яго сатырычныя творы, але ён таксама пісаў і драматычныя. Яны засталіся гістарычным сведчаннем эпохі. Напрыклад, п'есы "Партызан" і "Проба агнём". Апошняя напісана ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ніхто, напэўна, не ведае, што яна прысвечана яго сыну Барысу Атраховічу, які загінуў у Сталінградскай бітве. Толькі ў канцы работы над п'есай Кандрат Крапіва даведаўся пра смерць сына, але яго герой застаўся жывым назаўсёды", - падзялілася Алена Атраховіч.

Вельмі шмат зрабіў Кандрат Крапіва ў мовазнаўстве. "Ён быў кіраўніком і ўдзельнікам праекта па стварэнні дыялектычнага атласа. У ім сабраны ўсе гаворкі і дыялекты, якія існавалі тады на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, Кандрат Крапіва быў навуковым рэдактарам некалькіх беларуска-рускіх слоўнікаў. Гэту работу ў свой час пачаў Якуб Колас, прадоўжыў Кандрат Крапіва. Гэта той фундамент, на якім і сёння развіваецца мовазнаўства", - прадоўжыла Алена Атраховіч.

Акунуцца ў атмасферу часоў Кандрата Крапівы дапамагаў акцёр і рэжысёр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Алег Вінярскі. Беларускія народныя песні гучалі ў выкананні заслужанай артысткі Беларусі Ніны Бранковіч і лаўрэата міжнароднага конкурсу баяніста Сяргея Баевіча.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі малой радзімы пісьменніка. Вучні Уздзенскай сярэдняй школы нумар 2 імя К.Крапівы выступілі з тэатральнай праграмай, прысвечанай творчасці класіка.

Акрамя таго, у экспазіцыйнай зале музея "Карэнны пералом у ходзе Вялікай Айчыннай вайны. Савецкі тыл" адкрылася часовая экспазіцыя, у якой можна ўбачыць фатаграфіі, дакументы, асабістыя рэчы Кандрата Крапівы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі