18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэрт "Святло нязгаснай зоркі", прысвечаны памяці народнага артыста СССР Мусліма Магамаева, адбыўся 17 жніўня ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Канцэртная праграма была арганізавана ў Палацы культуры ветэранаў. На канцэрце заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксей Ісаеў выканаў шматлікія песні Мусліма Магамаева. З вялікай цікавасцю і апладысментамі ўдзельнікі мерапрыемства сустрэлі песні артыста.
Выступаючы ў час канцэрта, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджана ў Беларусі Ульві Бахшаліеў падрабязна расказаў удзельнікам аб жыцці і творчасці Мусліма Магамаева, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё песеннага мастацтва. "Сёння 80-годдзе з дня нараджэння вялікага сына азербайджанскага народа Мусліма Магамаева. Мы ім ганарымся, таму што ён быў і вялікім спеваком, і вялікім кампазітарам. Ён быў чалавекам, вельмі прывязаным да сваёй Радзімы. Хоць большую частку сваёй дзейнасці Муслім Магамаеў праводзіў на гастролях у Маскве і іншых гарадах Савецкага Саюза, некалькі разоў у год ён прыязджаў у Баку, даваў канцэрты. Дастаткова прывесці толькі два факты, якія пацвярджаюць, што ён быў вялікім майстрам. Яму яшчэ не было і 30 гадоў, калі ён быў удастоены звання народнага артыста Азербайджана, а ў 31 год яму было прысвоена званне народнага артыста Савецкага Саюза", - адзначыў дыпламат.
Муслім Магамаеў (1942-2008) - савецкі, азербайджанскі і расійскі эстрадны і оперны спявак, акцёр, кампазітар, народны артыст СССР, народны артыст Азербайджанскай ССР. Яго багатую песенную спадчыну не забываюць у краінах постсавецкай прасторы.
У Бакінскім прыморскім нацыянальным парку 17 жніўня адбылося адкрыццё помніка Мусліму Магамаеву.-0-