Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 чэрвеня 2025, 10:42

Пешаходная ператварылася ў творчую. На цэнтральнай вуліцы Маладзечна народныя майстры паказалі лепшыя работы 

У Маладзечне 14 чэрвеня было цёпла, сонечна і гасцінна. А тым, хто захапляецца нацыянальнымі матывамі, яшчэ і вельмі цікава. У цэнтр горада сыходзіліся маладзечанцы, жыхары іншых гарадоў Беларусі і нават іншаземцы. Бо было на што паглядзець! І нават - паўдзельнічаць. Па асноўных фестывальных пляцоўках прайшліся і карэспандэнты БЕЛТА.

Аматарам гулянняў са знакам "народнае" далёка хадзіць не давялося. Усе лакацыі XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2025" размяшчаліся ў сэрцы горада. Прыезджым зручна: галоўная пешаходная вуліца - усяго за 10 мінут ад чыгуначнага вакзала.
Па той самай вуліцы Прытыцкага, а ідзе яна да цэнтральнай плошчы, размяшчаліся народныя ўмельцы. Гавораць, сёлета жадаючых далучыцца да "горада майстроў" было больш, чым звычайна. Для экспазіцыі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва давялося нават прадугледзець больш месца. 

Але ў дні фестывалю тут было асабліва шматлюдна і вельмі каларытна. Кожны метр кіламетровай "пешаходкі" паказваў талент творчых людзей Беларусі. Плялі лазой і саломкай, вышывалі крыжыкам і выразалі выцінанку, ляпілі з гліны і ткалі. А колькі цікавых гісторый тут можна было пачуць!
Звярнулі ўвагу на разьбяра па дрэве. Народны майстар Яўген Осіпаў з Бярэзінскага раённага Цэнтра рамёстваў займаецца гэтым прыкладна 25 гадоў. Па прафесіі настаўнік фізікі пасля 40 гадоў вырашыў заняцца дрэвам. 
Свае працы выстаўляе ўвесь час і на выставах, і на фестывалях. У Маладзечне на фестывалі пяты ўжо раз. Бываў на "Дажынках" - і рэспубліканскіх, і абласных. Аб'ездзіў Вілейку, Валожын, Чэрвень. У Александрыі восем разоў быў. Нават у Кітай даляцеў - разам з іншымі майстрамі даваў там майстар-клас. Паказваў майстэрства і ў Турцыі.

Цікавы выпадак падштурхнуў жыхара Любанскага раёна Васіля Яскевіча плесці лапці. Сёння ён народны майстар Беларусі. Пляценнем займаецца з 2013 года. Вядзе гурток, вучыць дзяцей і дарослых.
А лапці, як аказваецца, тавар запатрабаваны. Напрыклад, у рыбакоў. Ловяць па рачулках, па канавах. Каб не парэзаць нагу ракавінкай, калі ходзіш па дне, надзяваюць лапці. З рэчкі выйшаў, нагой трасянуў - і вада вылілася. Далей пайшоў у сухіх лапцях - зручна.
Шмат заказаў ад расіян, якія адпачываюць у санаторыі ў Любані. "Калі даведаліся, што я пляту лапці, столькі заказаў мне зрабілі. Яны ў іх ходзяць у лазню. Урачы раяць - гэта жывы масаж ступні: паляпшаецца кровазварот", - заўважыў Васіль Яскевіч.

Майстар народнай студыі "Крылы творчасці" Квасыніцкага цэнтра рамёстваў (Слуцкі раён) Наталля Матусевіч займаецца двума напрамкамі. Пляце паясы і стварае тэкстыльныя лялькі ў народным стылі.
Фота Таццяны Матусевіч

БЕЛТА.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі