Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 верасня 2021, 11:01

Першыя буквары, парта Эрысмана і фарфоравыя чарніліцы: у Мінску адкрылася выстаўка школьных прадметаў

2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "Зноў у школу" да Дня ведаў адкрылася 1 верасня ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння ў нас крыху незвычайная выстаўка - мы ў пераносным сэнсе ідзём у школу разам з цікавымі людзьмі і калекцыямі. Іх нам прадстаўляюць член праўлення Рэспубліканскага аб'яднання калекцыянераў Віктар Сувораў і калекцыянер Аляксандр Лугін", - расказала дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава.

Школа перш за ўсё звязана з кнігамі. "Гэта буквары, па якіх мы пачынаем першыя крокі. Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадаставіла для выстаўкі рэдкія першыя буквары", - дадала дырэктар.

Самае старое выданне - "Беларускі лемантар, або Першая навука чытання" Каруся Каганца 1906 года. Сярод рэдкіх выданняў "Лемантар" 1925 года беларускага вучонага-мовазнаўца, першага старшыні Інстытута беларускай культуры Сцяпана Некрашэвіча, а таксама падручнікі 1930 года для гарадскіх і вясковых дзяцей: "Ударнік: лемантар для гарадскіх школ граматы", "Чырвоныя зоркі: лемантар для вёскі, падручнік для 1-й групы вясковых школ", "Буквар для дарослых" 1941 года. Прадстаўлены і пасляваенныя выданні буквароў.

Выстаўка складаецца з прадметаў, без якіх немагчыма ўявіць школьныя гады. Віктар Сувораў паказаў унікальную калекцыю фарфору: чарніліцы, пісьмовыя прыборы і разнастайныя статуэткі на школьную тэму. "Тут ёсць чарніліцы савецкага перыяду расійскіх і ўкраінскіх фарфоравых прадпрыемстваў. На Мінскім заводзе чарніліцы не вырабляліся. Акрамя чарніліц-невыліваек выпускаліся яшчэ дэкаратыўныя, значыць гэта была скульптура ў малой пластыцы. У названай экспазіцыі наведвальнікі могуць убачыць гэты пісчы прадмет у выглядзе Аляксандра Пушкіна, Лісы і Жураўля з байкі Івана Крылова", - расказаў калекцыянер.

Больш за 100 вырабаў ствараюць цэлы школьны свет з дапамогай разнастайных вобразаў настаўнікаў, вучняў, забаўных сюжэтных кампазіцый.

"Наведвальнікі таксама змогуць убачыць збор бюстаў і статуэтак класікаў беларускай і рускай літаратуры, творы якіх уключаны ў школьную праграму. Сярод іх: Леў Талстой, Міхаіл Лермантаў, Аляксандр Пушкін. Яны тут прадстаўлены са сваімі літаратурнымі героямі. Асобнай увагі заслугоўвае Мікалай Гогаль з поўным зборам герояў сваіх твораў "Рэвізор" і "Мёртвыя душы", - прадоўжыў Віктар Сувораў.

Незвычайную калекцыю сашчэпак прадэманстраваў калекцыянер Аляксандр Лугін. Гэта металічныя і рознакаляровыя пластыкавыя сашчэпкі разнастайных форм і памераў, фірменныя і сувенірныя, прывезеныя з розных краін свету. Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена больш за 300 экзэмпляраў такіх незаменных у вучобе і рабоце маленькіх памочнікаў.

Асобная зона выстаўкі ўзнаўляе атмасферу школьнага класа. Экспануецца знакамітая парта Фёдара Эрысмана з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Дапоўнена яна вучэбнай дошкай, якой карыстаўся прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, фізік з сусветным імем, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Мікалай Барысевіч.

Азнаёміцца са школьнымі прадметамі мінулага стагоддзя можна будзе да 31 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі