Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 кастрычніка 2021, 18:06

Першая рэжысёрская лабараторыя адкрылася ў Брэсцкім тэатры лялек

12 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім тэатры лялек пачала работу першая рэжысёрская лабараторыя "Метамарфозы тэатра лялек", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар БТЛ Тамара Паўлюковіч.

Для ўдзелу ў праекце заяўкі прыслалі больш за 20 маладых рэжысёраў-лялечнікаў з Беларусі і Расіі. На працягу месяца яны прадстаўлялі ў тэатр свае эксплікацыі. У выніку экспертная камісія вызначыла чатырох пераможцаў. Увасабляць свае задумы ў сцэнічных эскізах пад кіраўніцтвам экспертаў будуць адна беларуска і трое расіян. Па-за конкурснай праграмай у лік слухачоў залічана таксама рэжысёр БТЛ Аліса Ярмак.

"Наколькі я ведаю, у Беларусі такіх лабараторый не было. Брэсцкі тэатр лялек, можна сказаць, піянер у гэтай справе. Мы самі знаходзімся ў творчым пошуку і вельмі зацікаўлены ў новых праектах, спектаклях, падыходах. Кожнаму ўдзельніку лабараторыі будзе прадастаўлена пляцоўка для пастаноўкі ў прасторы тэатра. З імі працуюць практычна ўсе нашы акцёры, для якіх гэта таксама добры вопыт", - адзначыла Тамара Паўлюковіч.

Вочны тур лабараторыі прадоўжыцца з 12 па 17 кастрычніка. У праграме - трэнінгі і майстар-класы ад кіраўніка лабараторыі, трохразовага лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі, рэжысёра Ігара Казакова, харэографа, артыста балета Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Яўгена Іванова. На 16 кастрычніка запланавана лекцыя кандыдата мастацтвазнаўства і тэатральнага крытыка Аляксея Стрэльнікава "Работа акцёра з адчужэннем Брэхта".

Увесь гэты час удзельнікі будуць працаваць над эскізамі, якія прадставяць на суд экспертаў пасля заканчэння лабараторыі. Лепшая работа можа ўвасобіцца ў рэальную пастаноўку на сцэне Брэсцкага тэатра лялек. Арганізатары спадзяюцца, што рэжысёрская лабараторыя на базе БТЛ будзе праходзіць на рэгулярнай аснове.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі