Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 жніўня 2021, 12:13

Персанальная выстава мастака кіно Івана Рагаценя адкрылася ў Мінску

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава да 75-годдзя мастака - пастаноўшчыка і мастака-дэкаратара Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Івана Рагаценя адкрылася 10 жніўня ў выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно - філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Госці выставы зазірнулі ў творчую лабараторыю мастака кіно. У экспазіцыі - эскізы і рабочыя чарцяжы разнастайных дэкарацый, кадры і фрагменты з фільмаў з ужо гатовымі аб'ектамі, арыгінальны прадметны рад, а таксама аўтарскія малюнкі і графіка.

"Ад імя кінастудыі хацелася б павіншаваць Івана Рагаценя з юбілеем. Ён адна з тых асоб, якія складаюць залаты фонд беларускага кіно. Таму ад імя кінастудыі ўручаю вам памятны знак-медаль", - павіншаваў імянінніка вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Ігруша.

Дзіцячае захапленне маляваннем Іван Рагацень пранёс праз усё сваё жыццё. На выставе прадставілі вітрыны з характэрнымі "сродкамі вытворчасці", якія майстар выкарыстоўвае ў сваёй творчасці.

"Іван Рагацень атрымлівае задавальненне ад таго, што працуе. Калі ён стварае, ён не заўважае нічога, акрамя ўласнай работы. Думае толькі пра яе. Саюз кінематаграфістаў вырашыў узнагародзіць Івана Рагаценя залатым медалём імя Юрыя Тарыча і ўручыць ганаровы членскі білет Саюза кінематаграфістаў. Дзякуй вам вялікі", - павіншаваў мастака старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў.

Ветэран беларускага кіно Іван Рагацень дастойна прадстаўляе тую ўнікальную прафесію, носьбіты якой заўсёды знаходзяцца за кадрам, але без удумлівай і карпатлівай працы якіх стварэнне праўдзівых і выразных мастацкіх кінавобразаў немагчыма.

"Калі чытаеш сцэнарый, бачыш аб'ект спачатку ў галаве. Адразу ж думаеш, як вырашыць праблему і як гэта будзе выглядаць. Усё залежыць ад кантэксту - якое гэта кіно: сучаснае, гістарычнае, у якім годзе адбываецца дзеянне. Затым трэба шукаць сітуацыю, пры якой можна зрабіць відэакарцінку. Калі ты мастак, то адразу пачынаеш шукаць натуру. А яе не так проста цяпер знайсці. І ўсё гэта неабходна паказаць рэжысёру. Нельга прапаноўваць адзін варыянт, таму што тады замыкаеш яго ў рамкі, і ён не разумее, дзе можна разгарнуцца", - расказаў Іван Рагацень.

Мастак працаваў над вялікай колькасцю карцін, і перад ім ставілі розныя задачы, з якімі ён спраўляўся.

"Не бачыў сітуацыі, з якой нельга выйсці. Памятаю, на здымках у Беларусі трэба было зрабіць дэкарацыю вадаспаду ў Сібіры. Вышыня падзення 3,5 м, шырыня - 5 м. І я зрабіў на рацэ Іслач скалу, вадаспад. Нават напор вады рэгуляваўся. Аб'ём вады - палівачная машына 9 т", - успомніў мастак-пастаноўшчык.

Паводле слоў Івана Рагаценя, у кіно не павінна быць халтуры. "Потым сорамна будзе не толькі цябе, але і дзецям, што тата гэтак зрабіў. Я рэаліст і да гэтага часу не стаў "камп'ютарнікам". Усе малюю ўручную", - падкрэсліў майстар.

На "Беларусьфільме" Іван Рагацень працуе з 1968 года, калі пасля заканчэння архітэктурнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута ён быў уключаны ў творчую групу кінакарціны "Мы з Вулканам" у якасці асістэнта мастака. З таго часу ён стварыў дэкарацыі больш як для 35 разнастайных па тэматыцы і жанрах фільмаў і серыялаў. Асабліва дарагія для мастака тыя з іх, дзе даводзілася аднаўляць гістарычнае асяроддзе. Сярод іх "Я, Францыск Скарына..." (1969), "Магіла льва" (1971), "Вянок санетаў" (1976), "Полымя" (1974), "Час яе сыноў" (1974), "Шляхціц Завальня" (1994), "У жніўні 44-га" (2001) і інш.

"Маладым мастакам жадаю рабіць больш якасных работ. Цяпер камп'ютар іх балуе. Трэба самім думаць аб'ёмна. Вяртайцеся ў рэальнасць і не забывайце: малююць рукі, а не камп'ютар", - дадаў юбіляр.

За дзесяцігоддзі работы ў беларускім кінематографе таленавітага Івана Рагаценя высока ацанілі многія вядучыя кінарэжысёры беларускага і расійскага кіно, якія ахвотна запрашалі яго ў свае праекты, а менавіта Барыс Сцяпанаў, Леў Голуб, Валерый Рубінчык, Віталь Чацверыкоў, Віктар Тураў, Вячаслаў Нікіфараў, Міхаіл Пташук, Уладзімір Краснапольскі, Юрый Мароз.

За дызайн экспазіцыі беларускага павільёна на выставе "65 гадоў савецкага кіно" ў Маскве Іван Рагацень атрымаў залаты медаль ВДНГ СССР, за работу над серыялам пра Вольфа Месінга ён быў намініраваны на прэстыжную прэмію "ТЭФІ".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі