Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лістапада 2021, 10:21

Персанальная выстава мастака-авангардыста Ігара Бяспалава адкрылася ў Магілёве

5 лістапада, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава "Дыялог 21" мастака-авангардыста Ігара Бяспалава адкрылася ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

У экспазіцыю ўвайшлі каля 40 яркіх работ, якія адлюстроўваюць разнастайнасць творчасці майстра. Так, на выставе прадстаўлены нацюрморты, пейзажы, абстрактныя палотны і партрэты. Усе гэтыя карціны аб'ядноўвае аўтарская канцэпцыя: развагі на палатне і пошукі самога сябе. Свае работы, выкананыя ў тэхніцы батык, таксама выставіла жонка магілёўскага авангардыста Галіна Гулева.

"Ігар Бяспалаў - яркі прадстаўнік Віцебскай школы жывапісу, аснову якой заклалі Марк Шагал і Казімір Малевіч, што адлюстравалі ў сваёй творчасці рэвалюцыйныя перамены ў грамадстве і мастацтве, - расказалі ў музеі. - Мастак працуе сакавітымі і кантраснымі колерамі, што было характэрна для майстроў рускага авангарда пачатку XX стагоддзя".

Майстар з'яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх, абласных, а таксама гарадскіх выстаў і пленэраў. Персанальныя выставы мастака прайшлі ў Магілёве, Бабруйску, Мінску, Горках і Віцебску. Яго работы ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі ЗША, Аўстраліі, Германіі, Галандыі, Аўстрыі, Расіі і Беларусі.

Выстава "Дыялог 21" прадоўжыцца ў Магілёве да 30 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі