
12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Загадчыца музея Янкі Купалы ў вёсцы Пячышчы (філіял Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан) Рыма Абызава ў час адкрыцця выставы ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы расказала, якія праекты рэалізуюцца ў іх установе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наш музей створаны яшчэ ў далёкім 1975 годзе. У Татарстане мы папулярызуем творчасць вялікага песняра беларускай зямлі. Зразумела, мы стараемся ствараць і сумесныя праекты з татарскімі музеямі. Адзін з іх называецца "Два жыцця. Два лёсы" разам з музеем-кватэрай татарскага паэта і Героя Савецкага Саюза Мусы Джаліля. Ужо некалькі гадоў мы папулярызуем праект "Любі свой край, як Купала і Тукай". Габдула Тукай з'яўляецца татарскім народным паэтам. На нашай зямлі мы стараемся зрабіць сумесныя праекты. У нашым музеі праходзіць шмат акцый. Напрыклад, "Чытаем Купалу разам", дзе нашы госці знаёмяцца з творчасцю беларускага паэта, творы якога перакладзены больш як на 100 моў свету. Мы стараемся, каб у нашым музеі гучала не толькі беларуская, але і мовы іншых народаў", - адзначыла Рыма Абызава.
"Прэзентацыя перасовачнай выставы "Тут усякая рэч, як гавора з табой...", якую мы зрабілі сумесна з беларускім музеем Янкі Купалы, адбылася 1 красавіка і была прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, які вельмі шырока і ўрачыста святкуецца ў нас у Доме дружбы. Ідэя гэтага выставачнага праекта: паказаць сусветнае значэнне класіка беларускай літаратуры. Яна разлічанана шырокую аўдыторыю", - дадала Рыма Абызава.
Паводле яе слоў, у стварэнні выставы выкарыстоўваліся фотадакументы двух музеяў, а таксама сучасныя тэхналогіі. Выстава прысвечана знаходжанню народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў Татарстане, дзе ён жыў у эвакуацыі ў час вайны.-0-