Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 снежня 2018, 19:13

Пераможцаў Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі назавуць 17 снежня

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску 17 снежня аб'явяць пераможцаў першага рэспубліканскага конкурсу "Нацыянальная кінапрэмія Беларусі". Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Доме кіно, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

У конкурсе 20 намінацый: "Лепшы фільм у ігравой форме", "Лепшы тэлесерыял у ігравой форме", "Лепшая галоўная мужчынская роля", "Лепшая галоўная жаночая роля", "Лепшая жаночая роля другога плана", "Лепшая мужчынская роля другога плана", "Лепшы фільм у неігравой форме", "Лепшы фільм у анімацыйнай форме", "Лепшы кароткаметражны фільм", "Лепшая рэжысёрская работа", "Лепшы сцэнарый", "Лепшая аператарская работа", "Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка", "Лепшая работа мастака па касцюмах", "Лепшая музыка да фільма", "Лепшы мантаж фільма", "Лепшы гукарэжысёр фільма", "Лепшы дэбют у кіно па названых намінацыях", "За выдатны ўклад у беларускі кінематограф", "За выдатны ўклад беларускіх кінематаграфістаў у замежны кінематограф".

Заяўкі на ўдзел у кінапрэміі Міністэрства культуры прымала з кастрычніка па лістапад. У склад журы ўвайшлі прафесіяналы ў сферы кінематографа. Старшынёй стала загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Людміла Саянкова-Мельніцкая. Галасаванне праходзіць у два туры. Першы тур прадаўжаўся да 30 лістапада: члены журы выбіралі прэтэндэнтаў на нацыянальную кінапрэмію Беларусі - да пяці ў кожнай намінацыі, акрамя тых, што ўручаюцца за выдатны ўклад у беларускі і замежны кінематограф. Па выніках першага тура быў складзены шорт-ліст намінантаў, якія праходзяць у другі. Ён завершыцца 10 снежня. У гэты дзень будуць вызначаны пераможцы ў кожнай намінацыі.

"Уручэнне Нацыянальнай кінапрэміі Беларусі - значная падзея для краіны. Запаветныя статуэткі, якія атрымаюць пераможцы, - гэта знак адрознення і своеасаблівая гарантыя якасці. Нацыянальная кінапрэмія стане сапраўдным беларускім "Оскарам", прэстыжнай узнагародай для лепшых айчынных кінематаграфістаў", - упэўнены арганізатары.

Лідарамі па колькасці намінацый сталі мастацкі фільм "Сляды на вадзе" рэжысёра Аляксандра Анісімава, кароткаметражная стужка "Фота на памяць" Ігара Васільева і псіхалагічны трылер "Унутры сябе" Сяргея Талыбава.

Арганізатарамі конкурсу "Нацыянальная кінапрэмія Беларусі" выступаюць Міністэрства культуры, Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Беларускі саюз кінематаграфістаў, Беларуская гільдыя акцёраў кіно.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі