Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 студзеня 2019, 14:04

Пераможцам фестывалю "Нябёсы" стаў маскоўскі тэатр "Душагрэі"

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гран-пры і дыплом "За лепшы спектакль" V Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў "Нябёсы" прысуджаны тэатру "Душагрэі" за спектакль "Вінаградная ягадка" рэжысёра Рустэма Карымава, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.

Пастаноўкі форуму ацэньвала прафесійнае журы з шасці чалавек на чале з протаіерэем Свята-Лізавецінскага жаночага манастыра айцом Сергіем (Храпіцкім). Асаблівая ўвага была ўдзелена мастацкаму афармленню, зместу і духоўна-маральнаму боку спектакляў, расказала член журы актрыса Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яна Агеенка.

"Фестываль атрымаўся вельмі творчым і насычаным, таму што была вялікая праграма, у якой удзельнічалі 15 калектываў з пяці краін - Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны, Эстоніі. Усе калектывы яркія і запамінальныя, а іх пастаноўкі знаходзілі водгук у сэрцах гледачоў. Фаварытам журы стаў тэатр "Душагрэі", які рэгулярна бывае ў нашай краіне. Іх спектакль "Вінаградная ягадка" не традыцыйны, ён заснаваны не на біблейскай гісторыі, а на рускіх казках. Але спектакль адпавядае патрабаванням і духоўна-асветнаму аспекту фестывалю. А таксама гэты калектыў не толькі пастаянны ўдзельнік форуму, але і дабрачыннай акцыі "Святло душы - дабрадзейнасць", - расказала яна.

Пераможцам у намінацыі "За лепшы дэбют" стаў эстонскі тэатр "Ліхтарык" з пастаноўкай "Шарсцяная казка" рэжысёра Ірыны Мар'япуу. Дыплом "За лепшае раскрыццё духоўна-маральнага зместу спектакля" прысуджаны камернаму тэатру "Пілігрым" (Расія, г. Каломна) за спектакль "Калядны вяртэп" Алега Гаўрыліна.

Спецыяльны прыз імя Людмілы Ждановіч і дыплом "За самы гарэзлівы і вясёлы спектакль" атрымаў маскоўскі тэатр "У чамадане" за пастаноўку Алёны Харашых "Калядны балаганчык". Акцёрскае выкананне артыстаў Закарпацкага акадэмічнага абласнога тэатра лялек (Украіна, г. Ужгарад) у спектаклі Юліі Білінська "Сны Ахнеуса" прызнана лепшым.

У намінацыі на лепшае музычнае афармленне спектакля перамог тэатр "Посалань" з Яраслаўля з пастаноўкай "Смерць цара Ірада" рэжысёра Мікіты Цімошына. Тэатр лялек "Молоко" з Санкт-Пецярбурга пад кіраўніцтвам Ганны Бясчаснавай за спектакль "Святло Раства" ўдастоены дыплома "За сучаснае рашэнне традыцыйнай тэмы".

Дыпломам "За лепшае выяўленчае рашэнне спектакля" ўзнагароджаны тэатр "Без заслоны" з Санкт-Пецярбурга за спектакль "Цуда пра Хаўрошачку" Юліі Моравай.

Народная драма "Цар Ірад" на беларускай мове дзіцячага драматычнага гуртка "Жаронцы" Ракаўскага цэнтра народнй творчасці адзначана дыпломам "За вопыт асваення батлеечнага жанру".

Акрамя таго, журы прысудзіла чатыры спецыяльныя дыпломы. Арт-паддашак "Мамін тэатр" з Масквы за спектакль "Калі я стану дарослым" Васілісы Гапоненка і Дар'і Вітан атрымаў узнагароду "За вернасць дзіцячым марам". Дыпломам "Лепшаму маладзёжнаму тэатру "Дзіва" адзначана "Казка пра вароначку і канарэйку" рэжысёра Вольгі Галкінай, а таксама дыплома ўдастоены "Чалавек-аркестр Альфонсас Рамейка (Alfonsas Rameika)" за монаспектакль "Падарожжа да караля адказаў Патаму". Сямейны тэатр Аляксандра і Ларысы Быцко (в. Стойлы, Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць) узнагароджаны дыпломам "За захаванне народных, духоўных і культурных традыцый". Таксама журы адзначыла Вольгу Мілашэўскую "За творчую ініцыятыву ў рабоце студыі "Батлейка" Нядзельнай школы Свята-Лізавецінскага манастыра".

V Міжнародны калядны фестываль "Нябёсы" па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла прайшоў у Мінску з 10 па 13 студзеня. За гэты час яго наведалі больш за 1,6 тыс. гледачоў, для якіх акрамя насычанай конкурснай праграмы былі арганізаваны тэматычныя круглыя сталы, выставы і творчыя сустрэчы.

Мэта праекта - развіццё традыцыйнага батлеечнага і лялечнага тэатральнага мастацтва, умацаванне міжнародных культурных сувязей, далучэнне да тэатральнага мастацтва падрастаючага пакалення і падтрымка таленавітай моладзі.

Заснавальнікі V Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў "Нябёсы" - Мінская епархія, Свята-Лізавецінскі манастыр, сястрыцтва ў гонар прападобнапакутніцы вялікай княгіні Лізаветы. Садзейнічанне ў яго правядзенні аказваюць Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі