Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 красавіка 2024, 16:18

Перадпаказ ваенна-гістарычнай драмы "Час вярнуцца" прайшоў у Мінску

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перадпрэм'ерны паказ ваенна-гістарычнай драмы "Час вярнуцца", прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі, прайшоў у кінатэатры "Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як падкрэсліў генеральны дырэктар нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Аляксей, "Час вярнуцца" адлюстроўвае подзвіг беларускага і савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. "А самае галоўнае, ён адлюстроўвае тое, што аперацыя "Баграціён" ажыццявілася дзякуючы нашаму партызанскаму руху. Менавіта ён наблізіў нашых салдат да перамогі", - адзначыў ён.

Сюжэт ваенна-гістарычнай драмы заснаваны на рэальных падзеях і расказвае аб унікальнай аперацыі беларускіх партызан, якія знайшлі дарогу ў тыл ворага праз непраходнае балота. Дзякуючы звесткам партызанскай разведкі на балоце была пабудавана дарога-ляжнёўка, якая дала важную тактычную перавагу савецкім войскам у час аперацыі "Баграціён".

Юрый Аляксей падзяліўся, што бюджэт фільма склаў каля Br4 млн. "І я лічу, фільм удаўся. Гэта наш падарунак усяму беларускаму народу да Дня Перамогі і 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", - падкрэсліў гендырэктар.

Ён таксама расказаў, што здымкі фільма праходзілі як у павільёнах, так і на натурных пляцоўках - у гарадах і лясах Беларусі. "І фільм атрымаўся дынамічны і цікавы, а самае галоўнае - вельмі якасны. Гэта і гук, і лічбавы носьбіт. Я ўпэўнены, што мы ацэнім гэты фільм па заслугах", - адзначыў Юрый Аляксей.

Паводле яго слоў, "Час вярнуцца" будзе асабліва карысны для моладзі. "На працягу паўтары гадзіны фільма мы ўсяму свету пакажам подзвіг беларускага народа, пакажам, як змагаліся нашы беларусы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. І пакажам гэта ўсё ў самы кароткі тэрмін. Імгненна, праз інтэрнэт, праз кінатэатры, каб ніхто не забываў, хто перамог у гэтай вайне", - адзначыў гендырэктар.

Прэм'ера фільма адбудзецца 2 мая. Як адзначыў Юрый Аляксей, плануецца трансляцыя на стрымінгавых пляцоўках і тэлебачанні, а таксама пракат фільма ў Расіі.-0-

Фота Таццяны Матусевіч
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі