Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
ІНФАГРАФІКА: Студэнты Беларусі
Учора 15:41 Стужка навiн
Усе навіны

Перааншлагам адкрыўся фестываль Юрыя Башмета ў Мінску

Культура 11.10.2018 | 09:43

11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перааншлагам адкрыўся 10 кастрычніка XIII Міжнародны фестываль Юрыя Башмета ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Прывітанне ўдзельнікам і гасцям фестывалю, які стаў значнай падзеяй у культурным жыцці краіны, накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Яго зачытаў міністр культуры Юрый Бондар.

"Правядзенне гэтага музычнага форуму ў Беларусі стала добрай традыцыяй і прыкметнай падзеяй у культурным жыцці нашай краіны. Дзякуючы яму беларускі глядач мае ўнікальную магчымасць пачуць у выкананні бліскучых музыкантаў міжнароднага ўзроўню і таленавітых маладых выканаўцаў шэдэўры сусветнай класікі, лепшыя творы сучасных кампазітараў", - гаворыцца ў прывітанні.

Ганаровы сустаршыня арганізацыйнага камітэта фестывалю народны артыст СССР і Расіі Юрый Башмет, звяртаючыся да гледачоў, адзначыў, што яму вельмі прыемна атрымліваць прывітанне ад кіраўніка дзяржавы кожны фестываль, а гэта адбываецца ўжо 13-ы раз. Па прызнанні вялікага маэстра, для яго 13 - шчаслівы лік. Напрыклад, у свой час у адным з конкурсаў у Германіі Юрый Башмет стаў пераможцам, выступаючы менавіта пад 13-м нумарам.

Юрый Башмет выказаў удзячнасць за падтрымку кіраўніку дзяржавы, Міністэрству культуры, Мінгарвыканкаму і адзначыў, што яе, як і ўвагу, любоў гледачоў, адчуваюць і цэняць артысты. Ён падзякаваў публіцы за гэту сустрэчу і выказаў надзею, што кожны, хто прыйшоў на канцэрты фестывалю, атрымае толькі самыя цудоўныя эмоцыі.

На адкрыцці фестывалю прагучала сусветная прэм'ера канцэрта для альта і фартэпіяна з аркестрам, прысвечаная Юрыю Башмету і Расціславу Крымеру. У Мінску яна ўпершыню выканана менавіта на фестывалі самімі галоўнымі героямі. Твор называецца "Ландшафты знікаючай памяці (майстра Арнольта Шліка)", а напісаны ён беларускім кампазітарам Валерыем Воранавым.

Для гледачоў таксама выступілі ўладальнікі прэміі "Грэмі" камерны ансамбль "Салісты Масквы" пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета. Салісты вечара - скрыпач Вадзім Рэпін, альтыст Юрый Башмет і піяніст Расціслаў Крымер. Выдатны музыкант Вадзім Рэпін іграў на скрыпцы Страдывары Rode 1733 года, якая мае сапраўды ўнікальны гук, а ў выкананні віртуознага музыканта гэта штосьці асаблівае.

Фестывальная праграма, як заўсёды, уражвае маштабам і разнастайнасцю. У вялікай зале Палаца Рэспублікі 12 кастрычніка будзе прадстаўлена музычна-тэатральная пастаноўка з удзелам у галоўных ролях Уладзіміра Познера, Андрэя Макарэвіча, Дзмітрыя Сіткавецкага і іншых.

Адзін з канцэртаў пройдзе ў ноч на 14 кастрычніка на платформе мінскага метро на станцыі "Пятроўшчына". Пачатак - у дзве гадзіны ночы. Непасрэдна на пероне з'явіцца партэр, будзе light-шоу, лазернае шоу. На імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы выступіць міжнародны камерны аркестр East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера, у які ўваходзяць лепшыя музыканты з краін Усходняй і Заходняй Еўропы. З аркестрам выступіць зорка Вялікага тэатра Беларусі Аксана Волкава і хор. Акрамя таго, для слухачоў выступяць "Без білета", Дзядя Ваня і яго група One Hell Thing, "Песняры". На гэты канцэрт білеты прададзены ўжо.

Класічную музыку і мастацкую гімнастыку аб'яднае канцэрт 17 кастрычніка. У гэты вечар на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі выступіць міжнародны камерны аркестр East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера. Гэта ўнікальны калектыў, у які ўваходзяць лаўрэаты самых прэстыжных міжнародных конкурсаў, у тым ліку імя П. І. Чайкоўскага ў Маскве, каралевы Лізаветы ў Бруселі, канцэртмайстры лепшых аркестраў з краін Заходняй і Усходняй Еўропы. Салістам вечара стане заслужаны артыст Расіі віяланчэліст Аляксандр Князеў. Будучы двойчы лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя П. І. Чайкоўскага ён заваяваў сцэну многіх краін свету і выступаў з такімі аркестрамі, як Лонданскі каралеўскі філарманічны аркестр, аркестр Бі-бі-сі, з дырыжорамі Куртам Мазурам, Мсціславам Растраповічам, Яўгенам Святланавым і многімі іншымі на лепшых сцэнах свету.

Цікава, што на вялікую сцэну філармоніі выйдзе таксама і шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па мастацкай гімнастыцы лідар беларускай зборнай Кацярына Галкіна. Пад якую музыку будзе выконвацца спецыяльна пастаўлены для гэтага вечара нумар, пакуль трымаецца ў сакрэце, аднак у відовішчнасці такога партнёрства няма ніякіх сумненняў.

Таксама ў гэтай праграме можна будзе пачуць і сімфоніі Мечыслава Вайнберга - кампазітара, які сёння з'яўляецца адным з самых выконваемых ва ўсім свеце.

XIII Міжнародны фестываль Юрыя Башмета будзе праходзіць у Мінску па 20 кастрычніка ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама.-0-

Фота Аксаны Манчук

Версія для друку
Навіны рубрыкі Культура
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Студэнты Беларусі Штогод 17 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў - адно з самых папулярных маладзёжных свят. Агульная колькасць студэнтаў у ВНУ Беларусі складае каля 284 тыс. чалавек.