Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 лютага 2018, 17:47

Паслы Вялікабрытаніі, Ізраіля і Румыніі прачыталі вершы беларускіх класікаў да Дня роднай мовы

21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнікі пасольстваў Вялікабрытаніі, Ізраіля і Румыніі ў Беларусі падтрымалі паэтычны флэшмоб і прачыталі вядомыя вершы беларускіх класікаў. Як паведамілі арганізатары праекта "Чытаем па-беларуску з velcom", выбар дыпламатаў прыпаў на творы Якуба Коласа і Пімена Панчанкі, а прэзентацыя відэаролікаў адбылася ў Дзень роднай мовы.

Раней да флэшмоба праекта "Чытаем па-беларуску з velcom" далучыліся іх калегі з іншых замежных місій і таксама прачыталі беларускія творы.

Дыпламаты - удзельнікі флэшмоба лічаць праект "Чытаем па-беларуску з velcom" важным для папулярызацыі беларускай культуры, неад'емная частка якой - нацыянальная мова. А вершы - гэта ўніверсальная форма, здольная коратка і арганічна раскрыць змест, перадаць настрой, намаляваць характар і выказаць пачуцці. Таму кожны з паслоў выбраў твор, які яскрава дэманструе паэтычнасць беларускай мовы.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Румыніі Віярэл Машану прачытаў верш Якуба Коласа "Надыход зiмы", што адлюстровае эмоцыі, уласцівыя гэтай пары года.

Іншы твор Якуба Коласа - "Многа слаўненькiх куточкаў…" выбраў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля Алон Шогам. Дыпламат таксама пераклаў паэтычныя радкі на родную мову - вершы беларускага класіка прагучалі на іўрыце.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Фіёна Гіб прачытала верш Пімена Панчанкі "Мала сказаць: ненавiджу…".

У пачатку зімы вершы беларускіх аўтараў прачыталі ўжо прадстаўнкі дыпмісій Швецыі, Славакіі, Чэхіі, Фінляндыі, Кыргызстана, Італіі, ЗША, Рэспублікі Карэя і Украіны. Да праекта далучыліся студэнты ўсіх факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія запісалі відэа з чытаннем беларускіх твораў.

Паэтычны флэшмоб праводзіцца ў падтрымку рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў сярод удзельнікаў 7-х і 8-х класаў "Чытаем па-беларуску з velcom". Удзельнікі конкурсу з усёй Беларусі прыслалі 2 тыс. 48 відэа з чытаннем твораў са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. З лютага па красавік праходзяць рэгіянальныя фіналы, на якіх пераможцы першага этапу выступаюць перад журы ўжывую.

Рэспубліканскі фінал конкурсу адбудзецца ў маі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі