Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 чэрвеня 2021, 14:46

Пандэмія ў творах мастакоў прадстаўлена ў Палацы мастацтва

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставачны праект "Бязмежнае мастацтва. Беларуская частка сусветнай віртуальнай выставы" творчага аб'яднання "Арцель" адкрылася сёння ў Палацы мастацтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праект прысвечаны дзвюм знакавым падзеям для "Арцелі" і Беларускага саюза мастакоў. Адна частка экспазіцыі прысвечана памяці Сяргея Малішэўскага, які памёр амаль год таму. "Гэта быў даволі аргінальны мастак, які працаваў у стылістыцы сюррэалізму. Быў вельмі вядомы сваім яркім творчым почыркам. Яго смерць стала вялікай стратай для беларускага мастацтва", - адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч.

"І вось, калі мінуў час, аб'яднанне ўспамінае яго творчасць выставай-прысвячэннем "Мы разам", дзе будуць прадстаўлены яго работы. Дарэчы, яго карцін практычна не засталося ў сям'і. Вельмі шмат твораў разабралі калекцыянеры. Яны любілі яго за надзвычай магічны, сюррэалістычны стыль, выпісанасць кожнай дэталі. Гэта сапраўды фантастычны свет, які заўсёды хочацца разглядаць", - расказала мастацтвазнавец.

Сяргей Малішэўскі нарадзіўся ў 1956 годзе ў сям'і вядомага мастака і педагога Альгерда Малішэўскага, творчасць якога стала знакавай, акумулявала лепшыя дасягненні беларускага мастацтва 1960-1970-х гадоў і еўрапейскіх мастацкіх плыней.

У экспазіцыю ўвайшлі работы, зробленыя іншымі майстрамі ў памяць пра Сяргея Малішэўскага. "Гэта такі душэўны парыў, каб мастака не забывалі. Асабліва помнячы прыклад Мікалая Селешчука, работы якога таксама разышліся ў асноўным па прыватных калекцыях, а потым вельмі складана іх сабраць. Феномен знікае, калі пра яго не гаварыць", - акцэнтавала ўвагу Наталля, Шаранговіч.

Другая частка праекта - "Адкрыты свет. Мастацтва пасля пандэміі". "Гэта вельмі доўгі перыяд маўчання, які быў характэрны не толькі для нас, але і для сусветнай культуры. Дзесьці не працавалі тэатры, не праводзіліся выставы. Увогуле, усе былі ў стане пэўнага шоку. У мастакоў змянілася мысленне: яны сталі менш узаемадзейнічаць, праводзіць агульныя выставы", - расказала мастацтвазнавец.

"Экспазіцыя паказвае бачанне мастакоў, што мы неяк прыстасаваліся да гэтай сітуацыі, зразумелі, што жывыя і мастацтва нікуды не дзелася з гэтым новым жыццём. Пры гэтым хочацца заявіць, што мастакі па-ранейшаму працуюць і за гэты перыяд ціхай работы ўнутры самога сябе яны выказаліся аб гэтых абставінах. Цяпер настаў момант, калі яны могуць сабрацца разам і гэта выказанае, выпакутаванае адчуванне жыцця паказаць. Наведвальнікі праз гэту выставу змогуць зразумець, як мастакі ў гэты час успрымалі свет", - упэўнена Наталля Шаранговіч.

Кіраўніком аб'яднання "Арцель" з'яўляецца Рыгор Несцераў. "Ён сам прыдумвае канцэпцыі выстаў і заўсёды філасофствуе на тэму мастацтва. Таксама пастаянна спрабуе падлічыць нейкія магістральныя кропкі развіцця сусветнага мастацтва і нейкім чынам падцягнуць беларускае мастацтва пад гэты сусветны працэс, інакш кажучы, знайсці яму там месца. Часцей бывае, што наша мастацтва вылучаюць, шукаюць нацыянальную асаблівасць, а ён, наадварот, бярэ гэту фішку і, як мазаіку, устаўляе ў вялікі працэс развіцця сусветнага мастацтва", - падкрэсліла мастацтвазнавец.

"У цэлым у "Арцель" сабраліся вельмі добрыя жывапісцы, якія бачаць свет па-рознаму, але пры гэтым усе вельмі актыўныя. Яны займаюцца творчасцю бесперапынна, пастаянна ў рабоце, шмат выстаўляюцца. І кожны з іх - асоба. А перыядычна ўдзельнікі збіраюцца разам, каб паказаць, што мастацтва жывое, разнастайнае, цікавае, заўсёды новае і рухаецца наперад", - дадала Наталля Шаранговіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі