Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 студзеня 2023, 09:02

Панагіі, рыза і рукапіс: якія рэчы Мітрапаліта Філарэта прадстаўлены на выставе ў Мінску

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Богаслужэбнае адзенне, панагіі і рукапіс Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі, прадстаўлены на выставе, якая адкрылася 10 студзеня ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыла загадчыца Царкоўна-гістарычнага музея Беларускай праваслаўнай царквы Марыя Нецвятаева, гэта выстава з'яўляецца часткай дзяржаўнай праграмы, што прадугледжвае ўвекавечанне памяці пра ўладыку Філарэта.

“Калі фарміравалі экспазіцыю, мы хацелі прадставіць у першую чаргу богаслужэбнае адзенне ўладыкі, гэта заўсёды вельмі прыгожа. Сярод экспанатаў ёсць цёмна-зялёны камплект. Калі прыгледзецца, відаць, што ён быў перашыты пад уладыку, паколькі першапачаткова быў крыху іншым. Гэтым адзеннем мы хацелі паказаць асаблівасць уладыкі: ён не адмаўляўся ад таго, што яму не падыходзіла або прызначалася не для яго, а вельмі акуратна ўкараняў гэта ў сваё жыццё, з вялікай пашанай адносіўся да спадчыны, якая яму дасталася", - расказала Марыя Нецвятаева.

На выставе прадстаўлены панагіі - частка архірэйскага адзення з выявай Госпада Ісуса Хрыста, Багародзіцы або святых. Напрыклад, ёсць падораная ўладыку Філарэту на 50-годдзе панагія, дзе адлюстраваны два святыя: роўнаапостальны Кірыл і праведны Філарэт Міласцівы. Ёсць і сярэбраная - "Спас Нерукатворны", падораная ўладыку ў Брэсце ў 1994-м, калі ён наведваў гэты горад з візітам.

Наведвальнікі могуць убачыць таксама кнігу ганаровых гасцей, у якой пакінулі запісы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ, іерархі праваслаўнай царквы і хрысціянскіх канфесій, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, навуковай і творчай інтэлігенцыі.

"Мы прадставілі невялікі Новы запавет, які пазнаюць усе. Гэта даволі тыпавое выданне "Гедэонавых братоў". Але калі ўладыка прыязджаў чытаць лекцыі ў Мінскую духоўную акадэмію або семінарыю, ён даставаў са сваёй кішэні менавіта гэты Новы запавет і пачынаў чытаць", - адзначыла Марыя Нецвятаева. Яна лічыць, што гэта таксама характарызуе асобу ўладыкі Філарэта. Па сутнасці, ён як першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мог заказаць сабе цудоўнае выданне са скураным пераплётам, але карыстаўся тым, чым карысталася большасць насельніцтва постсавецкай прасторы.

Дастойнае месца ў экспазіцыі занялі ордэн Францыска Скарыны, якім быў узнагароджаны Мітрапаліт Філарэт, а таксама частка яго рукапісу, звязанага з падрыхтоўкай уладыкам курса лекцый па навуцы і рэлігіі. "Я не ведаю, ці чытаў іх уладыка, але для нас гэты рукапіс з'яўляецца ўнікальным", - заўважыла загадчыца музея.

Яна расказала, што музей, які яна ўзначальвае, дзейнічае амаль 10 гадоў на базе Духоўна-асветнага цэнтра побач з Кафедральным саборам. Фарміраванне экспазіцыі пачалося яшчэ ў 2013 годзе. "Калі я была студэнткай магістратуры, была запрошана ўладыкам для арганізацыі Царкоўна-гістарычнага музея БПЦ. Вучылася ў Маскве і на працягу паўгода прыязджала, апісвала калекцыю, фарміравала экспазіцыю", - прыгадала яна.

На сённяшні дзень у музея дзве выязныя экспазіцыі, у тым ліку ў Савеце Рэспублікі, дзе прадстаўлена самая галоўная ўзнагарода ўладыкі - медаль Героя Беларусі, а таксама некаторыя асабістыя рэчы ўладыкі.

Фатограф Мітрапаліта Філарэта з 2016-га па 2021 год, аўтар большасці прадстаўленых на выставе фотаработ Аксана Кнаус расказала, што фотачастка выставы ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ўключае два складнікі: адзін расказвае пра жыццёвы шлях мітрапаліта, у тым ліку дзяцінства, студэнцтва, перыяд адраджэння праваслаўя ў Беларусі, а другі - пра яго як пра архірэя, чалавека, манаха і малітвенніка. Экспазіцыя азнаёміць наведвальніка таксама з багаслоўскімі працамі ўладыкі - у яе ўвайшлі некаторыя цытаты эпісталярнай спадчыны.

Мітрапаліт Філарэт быў вельмі шматгранны. Яго можна было сустрэць і ў прыўзнятым духу, і ў малітоўным настроі. Часам можна было ўбачыць засмучаным. Усё таму, што ён шмат размаўляў з людзьмі і кожная гісторыя, з якой прыходзілі людзі, у яго адбівалася на сэрцы, - заўважыла Аксана Кнаус. - Ён быў вельмі ўважлівым. З радаснымі ён радаваўся, з тужлівымі сумаваў, таму настрой яго можна было зразумець па людзях, якія ад яго выходзяць. Мітрапаліт Філарэт заўсёды суцяшаў людзей, з імі маліўся, таму ад яго поўнымі суму ніколі не выходзілі".

Выстава будзе адкрыта па 10 лютага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі