Сцяг Чацвер, 17 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 чэрвеня 2025, 11:23

Памяць па-за часам. Выставу фіналістаў "Млына моды" прадэманстравалі ў Мінску 

4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставу "Памяць па-за часам" фіналістаў ХХХІV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота "Млын моды" ў намінацыі "Фота" прадставілі ў Музеі гадзіннікавай справы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як расказаў загадчык аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ігар Іваноў, на выставе можна ўбачыць работы канкурсантаў практычна з усіх абласцей Беларусі.
"Безумоўна, тэма "Памяць па-за часам" звязана з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якая для нашай краіны ў бягучым годзе з'яўляецца ключавой. Для некага памяць праяўляецца і ў тых гістарычных і культурных аспектах, якія перадаюцца ў краіне з пакалення ў пакаленне. Гэта могуць быць элементы, якія ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, або сямейны альбом, дзе захаваны лепшыя моманты жыцця і гісторыі. Таму што без памяці і павагі да каранёў не будзе будучыні. І сапраўдны грамадзянін нашай краіны памятае і ведае, што ўсё пачынаецца з сям'і", - дадаў Ігар Іваноў.

Навучэнка сталічнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Светач" Кацярына Богуш прадставіла серыю "Эпоха шалёнага часу. Рэквіем па Маўчанні", у якой паказала кантраст сучаснасці і ваеннага часу. З дапамогай вобразаў дзвюх дзяўчат яна праілюстравала, наколькі людзі сёння разняволены і свабодны, у той час як людзям ваеннага часу даводзілася шмат чаго баяцца. "Хачу, каб людзі помнілі пра гэта і не маўчалі. Да такой канцэпцыі праекта мы прыйшлі калектыўна разам з кіраўніком і мадэлямі. Я сама ўдзельнічаю ў "Млыне моды" не першы, а ўжо трэці або чацвёрты раз, але пакуль не заваёўвала прызавога месца", - прызналася Кацярына Богуш.

Паводле слоў мадэлі Вікторыі Колат, якая паказала на фатаграфіях вобраз дзяўчыны ваеннага часу, ёй хацелася адлюстраваць увесь боль, гора, страх, што перажывалі людзі ў час вайны, таму яна старалася паставіць сябе на іх месца.

Выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага каледжа Сяргей Касілаў прадставіў праект "700800". Менавіта столькі гадзін прайшло з моманту Вялікай Перамогі да яе 80-годдзя.  "Мы таксама спрабавалі паказаць сувязь мінулага, сучаснага і будучага Беларусі. На кожнай з карцін прысутнічаюць гадзіннікі, а розны час нібы звязвае нябачны прамень. Галоўным з'яўляецца вобраз дзяўчыны ў нацыянальным адзенні - гэта сімвал Беларусі", - расказаў Сяргей Касілаў.

Ён дадаў, што каледж удзельнічае ў "Млыне моды" другі раз. У мінулым годзе іх прадстаўнікі занялі другое месца ў намінацыі "Школа моды", а ў бягучым годзе ў фінал прайшлі тры калекцыі і серыя фотаработ. Сяргей Касілаў лічыць гэта выдатным рэзультатам.

Праект "Час плёнкі" прадставіла Настасся Шэіна з Гомельскага дзяржаўнага каледжа дызайну і камп'ютарнай графікі. "Сёння кожны можа стаць фатографам, але я хацела паказаць эпоху, калі была плёначная фатаграфія і фатографы цанілі кожны кадр", - растлумачыла ўдзельніца.

На думку кіраўніка праекта і педагога Наталлі Ляной, выстава сёлета атрымалася вельмі моцнай, таму што на ёй можна ўбачыць шмат нечаканых падыходаў да зададзенай тэматыкі і знайсці крыніцы для натхнення.

Навучэнка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Алена Палякова ў сваім праекце "Ў" вывучала беларускую ідэнтычнасць і самабытнасць. "Гэта літара - унікальная з'ява, якая не сустракаецца ні ў якой іншай славянскай мове. Работу я таксама звязала з Вялікай Айчыннай вайной. У той час людзі змагаліся не толькі са зброяй, але і духам", - рэзюмавала ўдзельніца.

Прафесійнае журы вызначыць пераможцаў намінацыі "Фота" ўжо 5 чэрвеня ў час фіналу конкурсу. У гэты дзень у канцэртнай зале Prime Нall пройдзе конкурсны паказ калекцый беларускіх дызайнераў-фіналістаў, будуць вызначаны пераможцы і ў такіх намінацыях конкурсу, як "Школа моды" і "Майстар моды".-0- 
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі