Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 кастрычніка 2025, 09:38

"Паміж мінулым і будучым". Выставу да 50-годдзя БДУКіМ адкрылі ў галерэі "Універсітэт культуры"

Фота галерэі "Універсітэт культуры"
Фота галерэі "Універсітэт культуры"
8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставачны праект "Паміж мінулым і будучым: грані адзінства", прымеркаваны да 50-гадовага юбілею Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прадставілі ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыю ўвайшлі работы, створаныя ў разнастайных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кераміка, ткацтва, вышыўка, саломапляценне, батык), а таксама жывапісныя і графічныя творы. Кожны экспанат - гэта ўнікальнае спалучэнне народнага духу і аўтарскага пошуку, дзе скрозь прызму сучаснага мастацтва праступаюць вечныя каштоўнасці.

"Фарміраванне гэтай экспазіцыі стала для нас натхняльным працэсам. Пры арганізацыі прасторы мы імкнуліся прэзентаваць работы выдатных майстроў і маладых аўтараў такім чынам, каб яны ўступілі ў творчы дыялог і ўяўлялі сабой пэўнае сэнсавае, культурнае поле. Паколькі менавіта ў няспынным дыялогу паміж эксперыментам і традыцыямі, выкладчыкамі і студэнтамі ўтвараецца творчае асяроддзе, дзе і зараджаецца будучае сучаснага беларускага мастацтва", - сказала дырэктар галерэі "Універсітэт культуры" Марына Татарэвіч.

Яна дадала, што адметнасцю экспазіцыі з'яўляюцца работы выкладчыкаў, якія стаялі ля вытокаў стварэння кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і самой галерэі. Сярод іх Тамара Васюк, Ала Непачаловіч, Уладзімір Рынкевіч, Рыгор Шаура.

"Гэта вопытныя майстры, чые работы з'яўляюцца неад'емнай часткай спадчыны БДУКМ і заслугоўваюць асаблівай увагі. Іх педагагічная і мастацкая дзейнасць стала фундаментам для фарміравання прафесійных кампетэнцый новага пакалення мастакоў", - растлумачыла рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская.

У той жа час творы студэнтаў, на яе думку, дапамагаюць традыцыйнаму майстэрству набыць сучаснае гучанне, дзе ў ткацтве пераасэнсоўваюцца нацыянальныя арнаменты, а ў кераміцы нараджаюцца актуальныя формы.

У час работы выставы таксама будуць арганізоўвацца майстар-класы і пройдуць творчыя сустрэчы, якія пакажуць, наколькі разнастайная дзейнасць кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Экспазіцыю можна ўбачыць да 1 лістапада.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі