Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 студзеня 2021, 19:22

Памёр вядомы беларускі мастак Барыс Забораў

21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вядомы беларускі мастак і скульптар Барыс Забораў памёр 20 студзеня ва ўзросце 85 гадоў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч.

"Беларускі саюз мастакоў выказвае глыбокае спачуванне сябрам і калегам, блізкім і родным вядомага творцы. Ён быў асобай у беларускім мастацтве. Праілюстраваў дзясяткі кніг рускай, беларускай і замежнай класічнай і сучаснай літаратуры, сярод якіх творы Аляксандра Пушкіна, Фёдара Дастаеўскага, Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Уільяма Шэкспіра, Оскара Уайльда. Сябраваў з Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Максімам Танкам, Аркадзем Куляшовым, Рыгорам Барадуліным. Атрымаў шмат прэстыжных узнагарод на рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных кніжных выставах, конкурсах мастацтва кнігі, у тым ліку два бронзавыя (у 1965 і 1977 гадах) і залаты (у 1971 годзе) медалі Міжнароднай выставы кніжнага мастацтва ў Лейпцыгу, у Германіі, першыя прэміі ўсесаюзных конкурсаў "Мастацтва кнігі" ў Маскве", - адзначыла Наталля Шаранговіч.

У 1975 годзе Барыс Забораў стварыў дэкарацыі і касцюмы да спектакля паводле п'есы Аляксандра Астроўскага "Навальніца" ў пастаноўцы Леаніда Хейфеца для Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Гэта частка творчасці Барыса Заборава невыпадковая: пасля заканчэння Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага мастацкага інстытута імя Сурыкава ён атрымаў дыплом па спецыяльнасці "мастак тэатра".

Барыс Забораў - жывапісец, графік, скульптар, кніжны ілюстратар, тэатральны дзеяч - нарадзіўся ў Мінску 16 кастрычніка 1935 года. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Ільі Рэпіна ў Ленінградзе, Маскоўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце імя Васіля Сурыкава. З 1962 па 1980-я гады з'яўляўся членам Саюза мастакоў СССР. З 1980 года жыў і працаваў у Парыжы.

"У Францыі стыль яго жывапісных твораў змяніўся, у адрозненне ад мінскага перыяду мастак захапіўся аўтарскай інтэрпрэтацыяй мастацкіх асаблівасцей студыйнай фатаграфіі пачатку мінулага стагоддзя. Мастацтвазнаўцы адзначалі, што ўся яго творчасць парыжскага перыяду звязана з настальгіяй па людзях, страчаным часе. Невыпадкова сярод выяў ужо знакамітага на той час еўрапейскага мастака былі такія пазнавальныя абрысы старых беларускіх гумнаў, вясковых хат", - расказала мастацтвазнавец.

Шматлікія выставы ў прэстыжных еўрапейскіх залах і музеях, узнагароды, атрыманыя ім у розных конкурсах, званне ганаровага акадэміка Расійскай акадэміі мастацтваў, ордэн "Мастацтва і Літаратура" Французскай рэспублікі сведчыць аб еўрапейскім прызнанні Барыса Заборава. "Аўтапартрэт з мадэллю", напісаны ў 1998 годзе, папоўніў калекцыю з 1650 аўтапартрэтаў, якую ў Фларэнцыі пачалі збіраць у XVII стагоддзі па распараджэнні кардынала Медычы. Барыс Забораў супрацоўнічаў з праслаўленым парыжскім тэатрам "Камедзі Франсэз", маскоўскім Et Cetera. Яго работы знаходзяцца ў галерэях і музеях розных краін свету. У Беларусі творы майстра захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі