Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 студзеня 2021, 12:51

Памёр народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Памёр народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, паведамілі БЕЛТА ў Беларускім саюзе мастакоў.

Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі Саюзнай дзяржавы Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў нарадзіўся 5 лютага 1923 года ў Віцебску. У 1959 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, у 1968-1974 гадах - у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве.

Жывапісец стаіць у шэрагу тых мастакоў, творы якіх займаюць значнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі. Майстар праслаўляў Беларусь, ствараючы ўзнёслыя, паэтычныя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў. Вядучыя тэмы яго палотнаў - подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, чалавек-працаўнік, хараство роднай зямлі.

Леанід Шчамялёў - удзельнік мастацкіх выстаў з 1958 года. Яго карціны экспанавалі ў Канадзе, ЗША, Францыі, Італіі, Ізраілі, Фінляндыі, Германіі, Аўстрыі, Іспаніі, іх набывалі вядомыя галерэі і музеі. Творы Леаніда Шчамялёва знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, ва ўсіх абласных краязнаўчых музеях Беларусі.

Мастак - удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Леанід Шчамялёў ваяваў на Курскай дузе, вызваляў ад ворага Беларусь, у баі за Мазыр быў цяжка паранены. Безумоўна, гэтыя драматычныя падзеі паўплывалі на яго творчасць, вызначылі стылявыя характарыстыкі і сэнсавую напоўненасць яго жывапісу. Ён звяртаецца да разнастайных тэм: вайна і мірны час, вобразы роднай зямлі, гарадскі і сельскі пейзажы, партрэты і нацюрморты.

Творы мастака вызначаюцца свабоднай манерай выканання, выкарыстаннем святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю, а партрэты - псіхалагічнай глыбінёй і шчодрасцю характарыстык. Сярод работ - карціны "Цяжкія гады", "Першы дзень міру", "Палявы трыбунал", цыклы "Край мой Міншчына", "Ільны івянецкія", "Лета", партрэты "Настаўніца", беларускіх мастакоў Рыгора Вашчанкіа і Віталя Цвіркі, "Аўтапартрэт", пейзажы "Асенні кліч", "Зіма ў Ракаве", "Майскі вечар".

Уплыў Леаніда Шчамялёва на жывапісную культуру Беларусі другой палавіны XX стагоддзя вельмі вялікі. Ён мае шмат вучняў і паслядоўнікаў. У Мінску ў 2003 годзе адкрыта Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва, аснову якой склалі творы, падораныя гораду мастаком.

За значны ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва жывапісец быў узнагароджаны медалём і ордэнам Францыска Скарыны, а таксама сярэбраным медалём ВДНГ СССР.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі