Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 снежня 2020, 10:14

Палотны майстра рэлігійнага жывапісу Яна Дамеля можна ўбачыць у НММ

18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арыгінальныя палотны вядомага мастака першай палавіны ХІХ стагоддзя Яна Дамеля прадстаўлены на выставе "Ян Дамель. Палатно, папера, лічба" ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце НММ Святлана Анейка.

Экспазіцыя прымеркавана да 240-годдзя з дня нараджэння мастака і да 180-годдзя з дня яго смерці. "Работа над праектам ішла больш за год. На жаль, Ян Дамель для многіх застаецца тэра інкогніта, і мы хацелі прыцягнуць да яго ўвагу. Таму нашай задачай стала стымуляванне новага навуковага пошуку, звязанага з асобай майстра і вывучэннем яго творчасці", - расказала Святлана Анейка.

Наведвальнікі змогуць убачыць дзве арыгінальныя карціны мастака. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае вялікая алтарная работа "Маленне аб чашы". "Больш за 40 гадоў яна знаходзілася ў сховішчы музея ў выглядзе куска палатна, і было цяжка зразумець, што на ім намалявана. Каля пяці гадоў таму пачалося даследаванне, і за палатно ўзяліся нашы рэстаўратары. Каманда працавала на працягу трох гадоў. У выніку скрупулёзнай работы ўдалося аднавіць адну з буйнейшых карцін у творчасці Дамеля на біблейскую тэму. У працэсе рэстаўрацыі і далейшага пацвярджэння аўтарства мастака было ўстаноўлена, што гэты алтарны вобраз пісаўся для касцёла Узвіжання Святога Крыжа, які знаходзіцца на Кальварыйскіх могілках. Адтуль гэта карціна і трапіла ў фонды музея ў другой палавіне мінулага стагоддзя. Ян Дамель ствараў гэты твор у канцы свайго жыцця. Вядома, што падчас пахавання майстра труна з целам стаяла пад гэтым палатном, таму, па сутнасці, гэта знакавая рэч для мастака", - дадала Святлана Анейка.

"Ян Дамель - гэта майстар рэлігійнага жывапісу. У той жа час яго творчасць цесна звязана з беларускай культурай. Напрыклад, на палатне "Святая Канстанцыя", якое можна ўбачыць на выставе, гераіня паказана ў вобразе святой, аднак захавана партрэтнае падабенства з княгіняй з роду Радзівілаў. У яго работах прасочваецца прывязка да людзей, якія жылі тут у першай палавіне XIX стагоддзя. І для нашага мастацтва гэта знакава", - падкрэсліла намеснік гендырэктара.

Жыццёвы шлях жывапісца звязаны з сучаснымі Латвіяй, Літвой, Беларуссю і Расіяй. Ён нарадзіўся на тэрыторыі Курляндыі, атрымаў адукацыю ў Віленскім універсітэце. Сярод яго настаўнікаў былі такія мэтры, як Францішак Смуглевіч і Ян Рустэм. "У нашай калекцыі ёсць некалькі твораў гэтых мастакоў, і на выставе кожны з іх будзе прадстаўлены адной работай. Акрамя таго, адлюстравана і творчасць мастакоў, якія складалі кола сяброў і знаёмых Дамеля. У першую чаргу, гэта Юзаф Пешка і Іосіф Аляшкевіч", - падзялілася яна.

У выставачнай прасторы прадстаўлены архіўныя дакументы з малюнкамі мастака і лічбавыя выявы яго работ, якія захоўваюцца ў музейных калекцыях за мяжой. Акрамя таго, дэманструецца шэраг відэаматэрыялаў, якія зняты на працягу гэтага года і прысвечаны асобе майстра. "Дзякуючы Нацыянальнаму архіву Беларусі, нам удалося атрымаць доступ да пісем Дамеля, і ў экспазіцыі прадстаўлены іх копіі. На адваротных баках акрамя тэксту можна паглядзець на накіды аўтара. Мы рэдка бачым эскізы мастакоў, а тут яны вынесены на першы план і даюць магчымасць даведацца пра працэс стварэння твораў", - склала Святлана Анейка.

Куратар экспазіцыі - вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Дзмітрый Моніч. Убачыць карціны можна да 27 студзеня 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі