Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 кастрычніка 2022, 17:28

Палескі драмтэатр удастоіўся ўзнагарод на пазачарговым фестывалі "Смаленскі каўчэг"

4 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Палескі драматычны тэатр стаў уладальнікам трох узнагарод на Міжнародным тэатральным фестывалі "Смаленскі каўчэг. Пераможцы і лаўрэаты мінулых гадоў", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар - мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Лукашэнка.

Пазачарговы фестываль праходзіў у Смаленскім дзяржаўным акадэмічным драматычным тэатры імя А.С.Грыбаедава з 26 верасня па 3 кастрычніка. У конкурснай праграме былі прадстаўлены спектаклі тэатральных калектываў, якія неаднаразова прымалі ўдзел у фестывалі і станавіліся яго пераможцамі і лаўрэатамі. Трупа з Пінска прывезла сваю самую тытулаваную пастаноўку - хорар "Вій", удастоены ў мінулым годзе Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

У выніку скарбонка ўзнагарод Палескага драмтэатра папоўнілася. Пастаноўка стала пераможцам у дзвюх намінацыях - за лепшую мужчынскую ролю (артыст Павел Рыжоў за ролю Хомы) і лепшую жаночую ролю другога плана (артыстка Вольга Ермалаева за ролю Хвеські). Таксама "Вій" удастоіўся прыза сімпатый гледачоў.

"З гэтым спектаклем мы былі ў Смаленску два гады таму і атрымалі дыпломы за лепшы акцёрскі ансамбль і лепшую мужчынскую ролю. Многія гледачы тады не змаглі трапіць на наша выступленне. Шмат было жадаючых паглядзець спектакль і на гэты раз. Уваход на конкурсныя спектаклі быў па запрашальных білетах. Нам гаварылі, што яны разышліся за лічаныя гадзіны", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паездку на фестываль трупа сумясціла з невялікімі гастролямі. Перад Смаленскам спектакль "Вій" прадставілі жыхарам Калугі. Паказ адбыўся на сцэне Тэатра юнага гледача. Таксама ў ходзе паездкі дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні гастроляў Палескага драматычнага тэатра ў Смаленску вясной будучага года.

У пазачарговым фестывалі "Смаленскі каўчэг" прынялі ўдзел яшчэ два беларускія тэатральныя калектывы. Гомельскі абласны драмтэатр прэзентаваў спектакль "Маленькія трагедыі. Пушкін". Артыстка тэатра Марыя Хадзякова за ролю Моцарта ўдастоілася спецыяльнага прыза журы за арыгінальнае ўвасабленне класічнага вобраза. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Коласа са спектаклем "Ваўкалак" стаў пераможцам у намінацыі "Лепшая сцэнаграфія", а таксама атрымаў спецыяльны прыз прадзюсара фестывалю за яркае рэжысёрскае ўвасабленне энтанацыянальных традыцый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі