Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 ліпеня 2020, 09:42

Палескі драмтэатр пачне юбілейны сезон у дзень вызвалення Пінска

7 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Палескі драматычны тэатр 14 ліпеня адкрые свой 15-ы сезон паказам спектакля-рэквіема "Няхай спыніцца вайна", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.

"Традыцыйна новы сезон мы пачыналі ў жніўні і адкрывалі яго "Пінскай шляхтай". Але пандэмія ўнесла карэктывы. У красавіку і пачатку мая трупа працавала ў рэпетыцыйным рэжыме, потым пайшла ў водпуск. У чэрвені вярнулася да работы. Узнікла ідэя прымеркаваць адкрыццё юбілейнага сезона да дня вызвалення Пінска, які горад адзначае 14 ліпеня. Пакажам спектакль, заснаваны на рэальных падзеях, што адбыліся ў час Вялікай Айчыннай вайны", - расказалі ў адміністрацыі тэатра. Будуць выкананы меры засцярогі. Пры ўваходзе гледачам прапануюць апрацаваць рукі дэзынфіцыруючым сродкам. У зале людзі будуць рассаджаны на бяспечнай адлегласці адзін ад аднаго.

Сюжэт пастаноўкі "Няхай спыніцца вайна" пабудаваны на ўспамінах сведак, апублікаваных у кнігах "Памяць" Пінскага раёна, "Пінскае гета" і "Халакост на Піншчыне". Галоўныя героі пераносяцца з сучаснасці ў 1941 год. Тады ў горадзе былі тры гета, адно з іх - яўрэйскае. Менавіта ў ім развіваюцца падзеі ў спектаклі. Гледачам пакажуць моманты прыходу ворага ў горад і жыццё пінчан пад акупацыяй.

Паралельна трупа тэатра працуе над прэм'ерамі. Дзве з іх - дзіцячая казка і спектакль для дарослых - практычна ўжо гатовы. У працэсе яшчэ дзве пастаноўкі. Чакаецца, што да канца лета яны папоўняць рэпертуар тэатра.

Палескі драматычны тэатр адкрыўся ў Пінску ў сакавіку 2006 года. Яго можна назваць камерным, паколькі сцэна размяшчаецца вельмі блізка да залы і ў гледачоў ствараецца ўражанне, што яны непасрэдна задзейнічаны ў спектаклі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі