Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 чэрвеня 2022, 11:41

Паказ ваеннай стужкі "Ідзі і глядзі" і сустрэчу з яе гукарэжысёрам арганізуюць у Мінску 22 чэрвеня

20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паказ фільма "Ідзі і глядзі" і творчая сустрэча з гукарэжысёрам кінастужкі Віктарам Морсам пройдзе 22 чэрвеня ў кінатэатры "Беларусь". Мерапрыемства прысвечана Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

"Гледачы змогуць не толькі ўбачыць адрэстаўрыраваную версію культавага фільма рэжысёра Элема Клімава "Ідзі і глядзі", але і паразмаўляць з членамі творчай групы карціны, паколькі пачэсным госцем мерапрыемства стане гукарэжысёр Віктар Морс, - сказала прэс-сакратар кінастудыі Алена Астаповіч. - У холе кінатэатра будзе прадстаўлена выставачная экспазіцыя з унікальнымі закадравымі фатаграфіямі са здымачнай пляцоўкі, фотазонай кінастудыі і арыгінальнымі касцюмамі галоўных герояў".

У гэты дзень, 22 чэрвеня, на палях рэспубліканскай акцыі "Кінаўрокі гісторыі" па ўсіх абласцях Беларусі пройдуць паказы фільма "Ідзі і глядзі" і творчыя сустрэчы.

У цэнтры ваеннай драмы беларускі хлопчык, які становіцца сведкам жахаў нацысцкай карнай акцыі, на працягу двух дзён ператвараючыся з жыццярадаснага падлетка ў сівога старога. Фільм быў высока ацэнены гледачамі яшчэ ў момант прэм'еры ў 1985 годзе на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі. Там ён удастоены "Залатога прыза" і адзначаны прэміяй ФІПРЭССІ. У тым жа годзе стужка была вылучана ад СССР у лік прэтэндэнтаў на прэмію "Оскар" у намінацыі "Лепшы фільм на замежнай мове".

Неаднаразова адзначалі карціну і за мяжой: паводле версіі часопіса Time Out яна займае шосты радок у спісе "50 лепшых ваенных фільмаў усіх часоў", адначасова з'яўляючыся лепшым фільмам аб Другой сусветнай вайне. У 2008 годзе брытанскі часопіс Empire ўключыў стужку ў спіс "500 найвялікшых фільмаў усіх часоў". Па выніках апытання сярод рэжысёраў, праведзенага ў 2012 годзе брытанскім часопісам Sight & Sound, карціна заняла 30-е месца ў спісе лепшых фільмаў усіх часоў.

Фільм адрэстаўрыраваны спецыялістамі кінаканцэрна "Масфільм". У 2017 годзе ён заваяваў галоўны прыз на 74-м Венецыянскім кінафестывалі ў намінацыі "Венецыянская класіка".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі