ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 3 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 верасня 2022, 17:00

Паэтычны канцэрт і гістарычная анімацыя: фестываль "Восень у Завоссі" пройдзе 24 верасня

Фота музея-сядзібы Міцкевічаў "Завоссе"
Фота музея-сядзібы Міцкевічаў "Завоссе"

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Традыцыйны літаратурна-музычны фестываль "Восень у Завоссі" пройдзе ў музеі-сядзібе Міцкевічаў "Завоссе" 24 верасня, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

"Завоссе - месца, добра знаёмае беларусам, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю. Нягледзячы на аддаленае размяшчэнне і невялікія памеры, вёска Завоссе вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. А ўсё таму, што тут нарадзіўся адзін з найвялікшых геніяў чалавецтва - паэт Адам Міцкевіч", - расказалі ў музеі-сядзібе.

Як і ў папярэднія гады, у рамках свята рыхтуецца насычаная праграма, разлічаная на розны густ і ўзрост. "Гасцей свята чакаюць займальныя лекцыі, цікавыя экскурсіі па сядзібе, выступленні літаратараў, праграма мастацкай самадзейнасці, бібліятэчная пляцоўка, мастацкі пленэр, выставы, квесты, гульні і майстар-класы", - адзначылі ва ўстанове.

На фестывалі прадставяць інтэрактыўную пляцоўку гістарычнай анімацыі ад рэканструктара Юрыя Усціновіча, паэтычны канцэрт на словы Адама Міцкевіча і яго сяброў-філаматаў у выкананні салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі лаўрэата міжнародных конкурсаў Галіны Сакольнік і музыказнаўца Святланы Немагай. "Запланавана выступленне і фолк-рок-групы "Тутэйшая шляхта". Завершыцца праграма выступленнем арт-групы "Беларусы". Падчас фестывалю будуць працаваць пункты харчавання і рамесны кірмаш", - дапоўнілі ў музеі-сядзібе Міцкевічаў.

"Светлы цень нашага земляка, яго слова і справа і сёння служаць гонарам беларускага народа, прыкладам самаахвярнага служэння Айчыне. Сярод пакрытых чаротам драўляных будынкаў наведвальнікі змогуць адчуць атмасферу шляхецкага двара другой паловы XVIII стагоддзя, даведацца пра жыццё і побыт беларускіх шляхціцаў, у тым ліку і прадстаўнікоў сям'і знакамітага паэта, дакрануцца да літаратурнай і музычна-песеннай спадчыны таго часу", - падкрэслілі ва ўстанове.

Літаратурна-музычны фестываль "Восень у Завоссе" пачнецца ў 12.00, уваход свабодны. Фестываль праводзіць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Баранавіцкім раённым выканаўчым камітэтам пры ўдзеле Саюза пісьменнікаў Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі