Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 снежня 2020, 13:35

Падведзены вынікі Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на цымбалах

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падведзены вынікі заключнага этапу Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на цымбалах, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.

У адборачных турах прынялі ўдзел больш за 300 цымбалістаў ва ўзросце ад 14 гадоў да 31 года. Выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў ацэньвала прафесійнае журы. У яго склад увайшлі вядомыя выканаўцы, педагогі і кампазітары на чале са старшынёй журы народным артыстам Беларусі, загадчыкам кафедры струнных народных шчыпкова-ўдарных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Яўгенам Гладковым.

Конкурс праходзіў на базе Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа. Яго лаўрэаты выступілі ў якасці салістаў у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча.

Па рашэнні журы конкурсу Гран-пры ўдастоена студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандра Барысюк.

Да першай узроставай групы належалі навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (за выключэннем навучэнцаў гімназій-каледжаў мастацтваў, якія асвойваюць адукацыйную праграму сярэдняй спецыяльнай адукацыі) ва ўзросце ад 14 гадоў. Лаўрэатам першай ступені стала навучэнка Дзіцячай музычнай школы мастацтваў нумар 7 Мінска Кіра Асіпенка, II ступені - навучэнка гэтай жа ўстановы Хрысціна Панамарова. Таксама другое месца дасталося і прадстаўніцы Станькаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Настассі Каспорскай. Бронза ў Валерыі Патрушавай з Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Станіслава Раманоўскага з Заслаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

У другой узроставай групе спаборнічалі навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры і гімназій-каледжаў мастацтваў, якія асвойваюць адукацыйную праграму сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Пераможцай стала навучэнка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алеся Старухіна. Дыпломам II ступені адзначана прадстаўніца гэтай жа навучальнай установы Надзея Палянка. Трэцяе месца заняла навучэнка Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Алеся Рубчэня.

Навучэнцы і выпускнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі ў сферы культуры ва ўзросце да 31 года ўключна належалі да трэцяй узроставай групы. Тут перамагла артыстка Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І.Жыновіча Алена Ніканчук-Варанцова. Студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі таксама занялі прызавыя месцы. Так, лаўрэатам II ступені стаў Фёдар Крукоўскі, III ступені - Аляксандра Андрушэвіч. Таксама трэцяе месца заваявала студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Соф'я Яцэнка.

Конкурс праходзіў з 3 па 6 снежня. Арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры і Брэсцкі аблвыканкам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі