Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 снежня 2022, 13:00

Падарожжа па закуліссі. Дзеці з Валожынскага раёна наведалі "Беларусьфільм"

22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з Валожынскага раёна наведалі з экскурсіяй кінастудыю "Беларусьфільм". Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы і актыўным удзеле Службы бяспекі Прэзідэнта Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прафсаюзнай арганізацыі кінастудыі падчас рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Спачатку дзяцей азнаёмілі з гісторыяй кінастудыі, якая пачынаецца 17 снежня 1924 года. На "Беларусьфільме" здымаюць карціны на зусім розныя тэмы, але часцей за ўсё рэжысёры і сцэнарысты звярталіся да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Урэшце, размовы пра здымкі прыцягнулі дзяцей зусім не так, як магчымасць разгледзець бліжэй і нават прымераць на сабе рэквізіт.

Любімае месца на кінастудыі для большасці хлопчыкаў і дзяўчынак - піратэхнічны ўчастак. Спецыяліст па абслугоўванні піратэхнічнага абсталявання кінастудыі "Беларусьфільм" Віталь Несцераў паказаў розныя віды зброі: аўтаматы, кулямёты, пісталеты, процітанкавыя стрэльбы. Дзеці змаглі даведацца пра тонкасці здымак баявых сцэн і нечаканасці, якія адбываюцца падчас работы, а таксама патрымаць у руках экзэмпляры зброі розных гадоў.

Паводле слоў Віталя Несцерава, многія акцёры і рэжысёры не разумеюць, што выкарыстоўваць кулямёты і аўтаматы не так лёгка. Часам яму самому даводзіцца здымацца ў фільмах у якасці кулямётчыка або іншага ваеннага, паколькі ў здымачнай камандзе няма таго, хто мог бы праўдападобна абыходзіцца са зброяй у кадры.

Потым хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў касцюмерныя. У мужчынскай захоўваецца каля 20 тыс. экзэмпляраў адзення, у жаночай - больш за 23 тыс. Тут можна знайсці касцюм для любой кінастужкі: стылізаваныя пад мінулыя стагоддзі сукенкі з вышыўкай і доўгімі рукавамі, цяжкія кальчугі і шубы. Нямногія ведаюць, што менавіта "Беларусьфільм" прадастаўляў савецкае адзенне для папулярнага амерыканскага серыяла "Чарнобыль". Экскурсавод Алена Драздоўская паказала дзецям адзенне і абутак з фільмаў "Бураціна", "Чырвоная Шапачка", "Дзяўчынка шукае бацьку", "Белыя росы", а таксама дала магчымасць пасядзець у крэсле самога Карабаса-Барабаса.

Пасля экскурсіі дзяцей правялі ў кіназалу і паказалі ім тры беларускія мультфільмы. Удзельнік экскурсіі Іван Адамовіч не ўтойваў свайго захаплення: "Над адным фільмам, які доўжыцца 9 хвілін, працавалі цэлых 5 мастакоў!" Спадабаўся хлопчыку і салодкі стол, які арганізавалі самі работнікі "Беларусьфільма". Пасля гэтага дзеці паўдзельнічалі ў конкурсах з Дзедам Марозам і Снягурачкай і атрымалі навагоднія падарункі.

Удзельнік Назар Шарый, як і іншыя ўдзельнікі, застаўся вельмі задаволены святам і сказаў, што абавязкова хоча вярнуцца на "Беларусьфільм" у наступным годзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі