
5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пачынаецца І тур праекта "Маладыя таленты Беларусі - 2022". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Усе заяўкі на ХІ Рэспубліканскі творчы радыёконкурс "Маладыя таленты Беларусі" прыняты і падлічаны, а значыць, журы пачынае прагляд першых відэавыступленняў удзельнікаў. Для адной з самых масавых катэгорый "Эстрадны вакал" па правілах І тура гэта выкананне беларускіх песень.
Фальклорная намінацыя "Спадчына" таксама прапанавала канкурсантам папрацаваць з матэрыялам на роднай мове. Інструменталісты і вакалісты-класікі паспрабуюць уразіць журы выкананнем сваіх любімых твораў акадэмічнага музычнага мастацтва.
Усяго ж у 11 сезоне праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё прымуць удзел 557 выканаўцаў і калектываў - столькі заявак прыслалі юнакі і дзяўчаты з розных куткоў краіны. Самымі шматлікімі сталі намінацыі "Інструментальная музыка" і "Эстрадны вакал" для салістаў, прычым у гэтым сезоне ў адрозненне ад папярэдніх колькасць маладых музыкантаў прэваліруе над колькасцю спевакоў.
Колькі ўдзельнікаў справіліся з першым конкурсным заданнем на дзясятку, зусім хутка высветляць прафесіяналы: старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, народныя артысткі Беларусі Ядвіга Паплаўская, Настасся Масквіна і Ніна Ламановіч, дацэнты БДАМ Вераніка Сахарава і Святлана Сітнікава, галоўны дырыжор аркестра Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Высоцкі, мастацкі кіраўнік арт-групы "Беларусы" Валерый Шмат, салістка Дзяржаўнага камернага аркестра Кацярына Мішчанчук, радыёжурналіст Віктар Кісцень. Узначаліць калегію народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля народнай музыкі "Бяседа" Леанід Захлеўны.
Прагляд відэазапісаў у рамках I тура конкурсу прадоўжыцца да 12 красавіка. Лепшыя, на думку журы, выканаўцы трапяць у паўфінал праекта і змогуць прэтэндаваць на жывыя праслухоўванні ў Вялікай студыі Дома радыё.
Пераможцаў конкурсу назавуць у маі - усе яны атрымаюць ад Першага нацыянальнага дыпломы лаўрэатаў і памятныя прызы, а таксама магчымасць пачуць сябе на хвалях галоўнага радыёканала краіны. Падрабязнасці - у эфіры Першага нацыянальнага і ў Telegram-канале "Радыё_1", у інфармацыйных выпусках Агенцтва тэленавін на тэлеканале "Беларусь 1".
Праект "Маладыя таленты Беларусі" праводзіцца з 2009 года, і за ўвесь час у ім прынялі ўдзел больш за тры тысячы выканаўцаў і калектываў. З 2013 года прызёры конкурсу рэгулярна становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Па выніках 2021 года прэстыжнай прэміі ўдастоены 33 лаўрэаты.-0-