
5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мастацкая выстава Алы Кічанок "Акно ў свет" адкрылася ў філіяле Прэзідэнцкай бібліятэкі ў рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі, паведаміла БЕЛТА загадчыца філіяла Таццяна Лычагіна.
"Маляваннем Ала Кічанок стала займацца ўсяго некалькі гадоў таму, і жывапіс стаў для яе захапленнем і выратаваннем ад нягод, - сказала Таццяна Лычагіна. - Пасля выхаду на пенсію ў яе літаральна прачнуліся жаданне жыць, імкненне не толькі заўважыць, наколькі жыццё цудоўнае, але і падзяліцца сваёй радасцю з іншымі. Яна пачала маляваць амаль у 80 гадоў. Яе работы вельмі светлыя, сонечныя і жыццесцвярджальныя. Ад карцін ідзе дзіўнае святло дабра і пазітыву. Яны нібыта адкрываюць акно ў дзівосны свет дабра, гармоніі, адзінства чалавека і прыроды", - адзначыла загадчыца.
Ала Кічанок нарадзілася ў цяжкія ваенныя гады на граніцы Казахстана з Кыргызстанам і Кітаем. "У яе дзяцінстве не было каляровых алоўкаў, не гаворачы ўжо аб фарбах. Але ўсё ж такі простым алоўкам яна спрабавала пераводзіць карціны рускіх жывапісцаў з каляровых укладак часопіса "Огонек". Яе маці працавала ў бібліятэцы, таму яна магла пагартаць гэта папулярнае ў СССР выданне", - расказала Таццяна Лычагіна.
Вядома таксама, што аўтар выставы завочна скончыла педагагічны інстытут у Шымкенце, дзе выкладала гісторыю мясцовым дзецям. У далёкім 1975 годзе яна пераехала ў Мінск. Чытала гісторыю ў сярэдняй школе, потым ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы нумар 24 (цяпер Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А. Кедышкі).-0-